Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чужае́дны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які з’яўляецца паразітам (пра расліны). На .. [дрэвы] зараз жа накінуліся і абляпілі з усіх бакоў чужаедныя расліны... Маўр.

чужазе́мец, ‑мца, м.

Чалавек з чужой краіны; іншаземец. Ды такое нешта Яшчэ я заўважыў, Што для чужаземца Здалося б міражам. Гэта перад светам Павінен адзначыць: Мне людзей там [у Камуне] смутных Не прыйшлося бачыць. Купала.

чужазе́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Жан. да чужаземец.

чужазе́мны, ‑ая, ‑ае.

З чужой краіны, з чужых зямель; іншаземны. Самаахвярным барацьбітам з чужаземнымі захопнікамі людзі аддавалі апошні акраец хлеба, апошнюю чыстую кашулю. Паслядовіч. Чыталі мсціўцы Пушкіна радкі Аб тым, як нашы продкі пад Палтавай Грамілі чужаземныя палкі. Аўрамчык. // Замежны, не мясцовы. Бледны твар. Чужаземны акцэнт. Выраз вуснаў сухі і тонкі. Цьмяна бліскаюць на руцэ Тройчы вылінялыя пярсцёнкі. Панчанка.

чужазе́мшчына, ‑ы, ж.

Зневаж. Усё чужаземнае (культура, звычаі, мода і пад.). Захапляцца чужаземшчынай.

чужа́к, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і чужынец. І на душы лёгка: нездарма ён, капітан, арыштаваў прышэльцаў-чужакоў, нездарма ішоў на рызыку, падпаўзаючы да дарогі. Ваданосаў. Станіслаў не разумеў, навошта гэта яму, вярнуўшыся на сваю радзіму, быць як бы чужаком у ёй. Сабаленка.

2. Не родны чалавек, не сваяк. Жонку Макар болей не чапаў. Жыў чужаком у сваёй хаце. Асіпенка. [Іван:] — А можа антыпатыя да .. [дырэктара] ў цябе [Надзя] ад рэўнасці, што ён, чужак, робіцца дарагі тваёй дачцэ? Шамякін.

чужа́нін, ‑а, м.

Нар.-паэт. Чужынец.

чужані́ца, ‑ы, м. і ж.

1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.

2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.

3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.

чужаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Чужы, пабочны; неўласцівы, нехарактэрны. Эпігонскі класіцызм ва ўмовах Беларусі .. успрымаўся як з’ява чужародная. Навуменка.

чу́жасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чужога (у 3 знач.); адчужанасць. Аміля прагла мець месца ў душах двух сваіх сыноў, Ксавэр стараўся паміж Адамам і ёю ўстанавіць чужасць. Чорны. Тацяна раптам замкнулася ў жорсткай чужасці. Зарэцкі.