Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чум, ‑а, м.

Лёгкае пераноснае жыллё конусападобнай формы ў некаторых народаў Паўночна-Усходняй Еўропы і Сібіры, якое зроблена з жэрдак, абцягнутых скурамі жывёл. У круглым чуме, куды прывялі нас бацькі Івана, сапраўды было светла, чыста і ўтульна. Рамановіч.

[Комі.]

чума́, ‑ы, ж.

1. Вострая інфекцыйная хвароба, якая часта пашыраецца ў форме эпідэміі. А ў 1510 годзе на гарадок навалілася была страшэнная пошасць чумы. Лобан. А што, каб на свет нарадзіліся мы У стагоддзях да нашае эры У змрочнай паўдзікай пячоры На літасць звяроў і чумы? Чэрня. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Ажно ўзмаліўся барадаты [казёл]: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаватыя... Няхай на іх чума і мор! Валасевіч.

2. перан. Пра вельмі небяспечную, згубную грамадскую, сацыяльную з’яву. [Глінскі:] Усё цягне мяне паглядзець, упэўніцца, сапраўды ўжо адхлынула ад нас гэтая чума-навала, назусім ужо ці яшчэ толькі да часу? Кулакоўскі. Мы павінны тут, у глыбокім тыле фашыстаў, рабіць усё, .. каб хутчэй знішчыць праклятую карычневую чуму, ад якой пакутуе столькі людзей. Даніленка.

чума́к, ‑а, м.

Уст. На Украіне ў 15–19 стст. — вазак і гандляр, які перавозіў на валах соль, рыбу і іншыя тавары. Стары Гарпішчанка ўспамінае сваіх прадзедаў-чумакоў. Юрэвіч.

чумакава́нне, ‑я, н.

Уст. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чумакаваць.

чумакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Уст. Займацца чумацкім промыслам, быць чумаком.

чума́цкі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да чумака. У вянку лясным высока стаў .. [Кабзар] над магілай, над вякамі страшнай крыўды, над чумацкай доляй. Вялюгін. Млечны Шлях — чумацкі шлях, сцвярджаў нам не раз Грэчка. Няхай.

чума́цтва, ‑а, н.

Уст. Чумацкі промысел.

чумі́за, ‑ы, ж.

Буйная злакавая расліна, з зерня якой вырабляюцца каштоўныя мука і крупы.

[Кіт.]

чумі́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чумізы, зроблены з чумізы. Чумізныя крупы.

чу́мны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чумы (у 1 знач.). Чумная эпідэмія. □ Праклятыя каты! Яны ўсміхаюцца, Здымаючы з чумных бацыл барышы. Панчанка. // Заражаны чумой (у 1 знач.). [Сасноўскі:] Толькі будзьце асцярожны з гэтым гарылападобным зверам. Чумны звер, калі ён нават у клетцы, страшны. Гурскі.

2. Разм. Шалёны, ашалелы, утрапёны. [Херувім:] «Браты анёлы, што гэта з ім?! Ды ён жа нейкі чумны!» Вярцінскі.

чу́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чума, уласцівы чуму. Чумныя жэрдкі.