чу́чала, ‑а, н.
1. Набітая чым‑н. скура жывёлы або птушкі, якая знешнім выглядам нагадвае жывую жывёлу ці птушку. Чучала мядзведзя. □ — А я зрабіў у падарунак школе чучала палярнай савы, — паведаміў Тынэлькут. — Яна зусім як жывая. Бяганская. Калі на палях заканчваюцца ўсе работы, можна добра папаляваць з чучаламі на цецерукоў. Ігнаценка. // Фігура чалавека, зробленая з гліны, воску, саломы або набітай чым‑н. адзежы чалавека. У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгельма і Франца-Язэпа. Гартны.
2. Пра неахайнага, бруднага, непрыгожа апранутага чалавека. [Насця:] — Ну, паглядзі ты [Кузьма] на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Не чалавек, а чучала! Колас.
3. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Чучала! — паслаў.. [стражніку] Рыгор удагон і ў момант выпусціў з памяці паліцэйскага. Гартны.
чу́чальнік, ‑а, м.
Майстар па вырабу чучалаў (у 1 знач.).
чу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Абл. Костачка сагнутага пальца. — Го, мой браток! — і дзед Куцейка Пастукаў чучкаю аб бронь. Колас. [Стахно] ўстаў, акінуў позіркам пакой, падышоў да акна, пастукаў чучкамі па падаконніку. Пальчэўскі.