Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фен, ‑а, м.

Электрычны прыбор для сушкі валасоў нагрэтым паветрам.

[Англ. fan.]

фенагене́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Раздзел генетыкі, які вывучае праяўленне дзеяння генаў і іх сукупнасці ў працэсе развіцця асобіны.

[Ад грэч. phainō — выяўляю і слова генетыка.]

фенакі́т, ‑у, М ‑кіце, м.

Спец. Празрысты, бясколерны ці слаба афарбаваны ў вінна-жоўты, ружовы, буры колер мінерал класа сілікатаў.

[Ад грэч. phenax, phenakos — падманшчык.]

феналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да феналогіі. Феналагічныя назіранні.

фенало́гія, ‑і, ж.

Раздзел біялогіі, які вывучае сезонныя з’явы ў жывой прыродзе, змены ў раслінным і жывёльным свеце, абумоўленыя зменай пор года і пагоднымі ўмовамі.

[Ад грэч. phainō — выяўляю і logos — вучэнне.]

фенаменалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фенаменалогіі.

фенаменалі́зм, ‑у, м.

Суб’ектыўна-ідэалістычнае вучэнне, якое сцвярджае, што пазнанне мае справу не з аб’ектамі матэрыяльнага свету, якія існуюць незалежна ад свядомасці, а толькі з сукупнасцю элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчувальных даных, феноменаў).

фенаменалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік, паслядоўнік фенаменалізму.

фенаменалі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фенаменалізму, фенаменаліста.

фенаменало́гія, ‑і, ж.

1. Суб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у сучаснай буржуазнай філасофіі, прадстаўнікі якога даводзяць, што свядомасць мае свой незалежны ад рэчаіснасці змест, а прадметы аб’ектыўнай рэальнасці (феномены) з’яўляюцца толькі сімваламі гэтага зместу.

2. У ідэалістычнай філасофіі Гегеля — вучэнне пра феномены свядомасці і формы развіцця духу.

[Ад грэч. pheinomenon — тое, што з’яўляецца і logos — вучэнне.]