ушыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ушываць — ушыць.
ушыва́цца 1, ‑аецца; незак.
1. Незак. да ушыцца 1.
2. Зал. да ушываць.
ушыва́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ушыцца 2.
ушыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ушыць.
ушы́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўшыўкі, звязаны з ушыўкай.
ушы́р, прысл.
Тое, што і ушыркі. Светлай раніцаю восень Упрыгожана сягоння — Сінь на небе, Рунь на полі Зелянее ушыр і ўдоўж. Броўка. Жытні палетак цягнуўся на цэлыя вёрсты ўдаўжкі і ўшыр. Гартны.
ушыркі́, прысл.
На шырокую адлегласць; у шырыню. А за балотамі, якія цягнуліся ўшыркі вярсты тры, пачыналіся непраходныя лясы князя Радзівіла. Чарот. Ад жылога гарадка вытворчую базу аддзяляе векавы бор, што працягнуўся на пяць кіламетраў ўшыркі. Грахоўскі.
ушы́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ушыць.
ушы́ўка, ‑і, ДМ ушыўцы; Р мн. ушывак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ушыць.
2. Тое, што ўшыта; устаўка.
ушыўны́, ‑ая, ‑ое.
Ушыты ў што‑н., прызначаны для ўшывання ў што‑н. Ушыўныя кішэні.
ушы́цца 1, ушыецца; зак.
1. Звузіцца, укараціцца пасля шыцця.
2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.
ушы́цца 2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.
Разм.
1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог. Кулакоўскі. Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Сяркоў. Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту. Сабаленка. // Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў. Чорны. Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох. Шашкоў. // перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну! Мележ.
2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак. Лынькоў.
•••
Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.