ушы́цца 1, ушыецца; зак.
1. Звузіцца, укараціцца пасля шыцця.
2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.
ушы́цца 2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.
Разм.
1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог. Кулакоўскі. Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Сяркоў. Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту. Сабаленка. // Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў. Чорны. Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох. Шашкоў. // перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну! Мележ.
2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак. Лынькоў.
•••
Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)