Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

то́ўпіцца, ‑піцца; незак.

1. Збірацца дзе‑н. вялікай групай, утвараць натоўп. Людзі неўзабаве тоўпіліся ля кухні. Чорны. Каля невялікага доміка, што выпадкова ўцалеў паміж руін, тоўпіліся незнаёмыя людзі. Няхай. Ля параднага ўваходу тоўпяцца сямікласнікі — іх на вечар не пускаюць, ён для старэйшых класаў — ад восьмага да дзесятага. Навуменка. / Пра жывёл, птушак, насякомых. Рыбіны пачынаюць тоўпіцца і шукаць выйсця. Грахоўскі. / Аб прадметах. Вакол тоўпіліся меднастволыя сосны. Кухараў. Наверсе тоўпіліся змрочныя каменныя калоны, а за імі — уваход у нязграбную прыземістую будыніну. Б. Стральцоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Розныя думкі тоўпіліся ў галаве, але ўсе яны былі пякучыя, і сэрца ныла, ныла. Марціновіч. Малюнкі з пражытага, з мінулага тоўпяцца, праплываюць карагодам, вярэдзяць сардэчныя раны. Місько.

2. Абл. Умяшчацца дзе‑н., у чым‑н. [Аўтобус] быў малы, і ў Востраве на прыпынку не маглі ўсе сесці — не тоўпіліся. Пташнікаў. / Пра думкі, радасць і пад. — Добры дзень, Вера! — голасам, у якім не тоўпілася радасць, прамовіў Мікалай. Дамашэвіч. Не тоўпілася ў яго местачковай галаве, каб яго сястра Фрэйда зрабілася свінаркай. Бядуля.

тоўста... (а таксама таўста...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «тоўсты», напрыклад: тоўстагаловы.

тоўстагало́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікай, тоўстай галавой. Тоўстагаловая змяя.

тоўстагало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

1. Муха з вялікай галавой і кароткімі вусамі.

2. Дзённы матыль з вялікай галавой і кароткімі крыламі.

то́ўсты, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, значны ў аб’ёме, папярочным сячэнні; проціл. тонкі. Тоўстае дрэва. Тоўстыя ніці. Тоўстая кніга. □ Гудзіла расхіляе халат і раскручвае доўгую, тоўстую вяроўку. Колас. Ля невялікага млына, які выглянуў з-за тоўстых вербаў, .. пад коламі машыны расхістанымі дошкамі прагрукатаў масток. Корбан. // Зроблены з матэрыялу, які мае значнае папярочнае сячэнне. Тоўстая шклянка. □ [Ладымер] скінуў тоўстую суконную камізэльку і сеў за стол чакаць вячэры. Чорны.

2. Які мае мажную, паўнацелую фігуру. Дні праз тры пасля прыезду Васіль прыйшоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі: — А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў. — Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек. Шамякін. // Вялікі, мясісты, пухлы (пра часткі цела, твару). Тоўстыя губы. Тоўстыя ногі. □ Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. [Лапінка:] — А Раман Дуля — ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя, .. халявы блішчаць, бах на калені... Брыль.

3. Нізкі, густы (пра голас, гук). — А Мядзведзь з лесу, — бабуля робіць тоўсты мядзведжы голас: «Я ў лесе, я ў цёмным, прыйду к табе вячэраць!» Брыль.

•••

Тоўстая кішка гл. кішка.

Тоўсты часопіс гл. часопіс.

Тоўсты кашалёк гл. кашалёк.

Тоўстыя кішэні ў каго гл. кішэнь.

то́ўчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад таўчы.

2. у знач. прым. Які стаў дробным, цёртым у выніку таўчэння. Тоўчаная кара. Тоўчаны цукар. Тоўчаная бульба.

тоўшч, ‑ы, ж.

Тое, што і тоўшча.

то́ўшча, ‑ы, ж.

Маса якога‑н. рэчыва, што мае вялікую таўшчыню. Тоўшча вады. Тоўшча зямной кары. / Пра сцяну (сцены). Я не таму спыніўся ля парога, што тут, як кажуць, храм самога бога. І не таму, што нечы знатны тлен замураваны ў тоўшчы гэтых сцен. А. Вольскі.