тоўсты, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікі, значны ў аб’ёме, папярочным сячэнні; проціл. тонкі. Тоўстае дрэва. Тоўстыя ніці. Тоўстая кніга. ▪ Гудзіла расхіляе халат і раскручвае доўгую, тоўстую вяроўку. Колас. Ля невялікага млына, які выглянуў з-за тоўстых вербаў, .. пад коламі машыны расхістанымі дошкамі прагрукатаў масток. Корбан. // Зроблены з матэрыялу, які мае значнае папярочнае сячэнне. Тоўстая шклянка. ▪ [Ладымер] скінуў тоўстую суконную камізэльку і сеў за стол чакаць вячэры. Чорны.
2. Які мае мажную, паўнацелую фігуру. Дні праз тры пасля прыезду Васіль прыйшоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі: — А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў. — Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек. Шамякін. // Вялікі, мясісты, пухлы (пра часткі цела, твару). Тоўстыя губы. Тоўстыя ногі. ▪ Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. [Лапінка:] — А Раман Дуля — ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя, .. халявы блішчаць, бах на калені... Брыль.
3. Нізкі, густы (пра голас, гук). — А Мядзведзь з лесу, — бабуля робіць тоўсты мядзведжы голас: «Я ў лесе, я ў цёмным, прыйду к табе вячэраць!» Брыль.
•••
Тоўстая кішка гл. кішка.
Тоўсты часопіс гл. часопіс.
Тоўсты кашалёк гл. кашалёк.
Тоўстыя кішэні ў каго гл. кішэнь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)