тарпа́, ‑ы; мн. торпы, ‑аў; ж. і торп, ‑а; мн. тарпы, ‑оў; м.
Вялікая сцірта снапоў або саломы, складзеная асобым спосабам для захоўвання пад адкрытым небам. — А што гарыць? — Тарпы... — Немалочаныя тарпы? — ахнуў Амелька не сваім голасам. Якімовіч.
тор 1, ‑а, м.
1. Дарога, след, пакінуты калёсамі. Брук на дарозе ляжаў няроўны, калдобісты, месцамі яго зусім неставала, і тор ад калёс зварочваў з абочыны на сярэдзіну шашы. Пташнікаў.
2. перан. Кірунак дзейнасці; шлях. На другі дзень, 1 студзеня 1919 года, хадзіў я з Юзяю абедаць на Варонюю, і жыццё ішло там сваім звычайным торам. Гарэцкі. [Сын] за чужым не цягне возам, А хоча свой пракласці тор. Колас.
тор 2, ‑а, м.
Спец. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем круга каля восі, што ляжыць у яго плоскасці, але не перасякае яго.
[Лац. torus — выпукласць.]
тор 3, ‑а, м.
Адзінка ціску, якая ўжываецца пры вакуумных вымярэннях.
то́ра, ‑ы, ж.
У яўрэяў — першая частка бібліі, Пяцікніжжа Майсеева, а таксама пергаментны скрутак з гэтым тэкстам, які захоўваецца ў сінагозе.
[Стараж.-яўр.]
то́рба, ‑ы, ж.
Невялікі мяшок (звычайна даматканай тканіны). Вось маці з хаткі выбягае, Алесю торбу даручае, А ў торбе хлеб і, пэўна, сала, І весялей шмат хлопцам стала. Колас. // Мяшок з аўсом, што адзяваецца на галаву каню. // Мяшок старца як сімвал жабрацтва. Лапці, торба, хлеб з мякінай, Цемра курнай хаты, — Невясёлыя ўспаміны Аб жыцці праклятым. Крапіва.
[Цюрк. torba.]
•••
Давесці да торбы гл. давесці.
Дайсці да торбы гл. дайсці.
З торбай ісці гл. ісці.
Пусціць з торбаю (па свеце) гл. пусціць.
то́рбачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да торба; невялікая торба. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку, якую пашыла яму маці. Лынькоў.
то́рбачнік 1, ‑а, м.
Разм. Бедны чалавек, які просіць міласціну. — Дзінь-дзілінь! Дзілінь-дзінь — гэта б’е ў малыя званы торбачнік Саўка. Лупсякоў.
то́рбачнік 2, ‑у, м.
Травяністая жоўта-зялёная з непрыемным пахам расліна сямейства крыжакветных, якая расце на палях, лугах, пустках.
то́рбачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да торбы.
торг 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. таргаваць (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. таргавацца. // Здзелка. Цяпер уся тая іхняя размова нагадвала Анатолю ганебны торг, у час якога Ліля дамагалася выставіць сябе і прынізіць яго. Асіпенка.
3. Уст. Базар, рынак; месца гандлю. Людзі не помняць такога торгу, такога кірмашу, які быў у той .. дзень. Пестрак. Паспееш з казамі на торг. Прыказка.
4. звычайна мн. (таргі́, ‑оў). Уст. Публічны продаж якой‑н. маёмасці, рэчаў, якія дастаюцца таму, хто прапаноўвае больш высокую цану; аўкцыён. Публічныя таргі. □ Сенажаці прадаваліся з таргоў. Нікановіч. // Спаборны парадак здачы падрадаў і паставак таму, хто прапаноўвае ўмовы, найбольш прыдатныя казне. Таргі на пастаўку лесу.
торг 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торгаць і торгацца.
то́рганне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. торгаць.
то́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Рабіць сутаргавыя рухі; пацепвацца, перасмыквацца. [Міша:] — А я люблю рыбачыць. Так пільна глядзіш, глядзіш, як торгаецца паплавок. Зловіш маленькую рыбку, а радасці!.. Пальчэўскі. У Загурскага ўвесь час нервова торгалася шчака, але гаварыў ён спакойна, нават з нейкай асуджанасцю ў голасе. Асіпенка. Сомік, чакаючы, наглядаў .. за тварам [Пошты], на якім пад светлымі вусамі торгаліся губы. Крапіва.