Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

том, ‑а; мн. тамы, ‑оў; м.

Частка якога‑н. збору твораў, што складае асобную кніжку, а таксама асобная кніжка якога‑н. выдання. Раман у трох тамах. Том энцыклапедыі. □ Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны .. Антон Несцяровіч пайшоў проста к сталу і ўбачыў там разгорнуты том Маркса. Чорны. // Асобная кніжка ў якім‑н. зборы кніг, бібліятэчным фондзе. У калекцыі прадстаўлена каля 1000 тамоў, выдадзеных пачынаючы з X да першай чвэрці XVIII стагоддзя. «Звязда». // Кніга (звычайна тоўстая). Падвярнуўся мне на пазіцыі Абшарпаны старэнькі том Пра іспанскую інквізіцыю, Пра мадрыдскі таемны дом. Панчанка.

[Грэч. tomos — аддзел.]

то́мік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да том; невялікі том. Жалезны стол, счарсцвелы хлеб і томік Гейнэ на стале. Вялюгін.

то́млены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад таміць.

2. у знач. прым. Спец. Атрыманы тамленнем. Томленая сталь.