тоўпіцца, ‑піцца; незак.

1. Збірацца дзе‑н. вялікай групай, утвараць натоўп. Людзі неўзабаве тоўпіліся ля кухні. Чорны. Каля невялікага доміка, што выпадкова ўцалеў паміж руін, тоўпіліся незнаёмыя людзі. Няхай. Ля параднага ўваходу тоўпяцца сямікласнікі — іх на вечар не пускаюць, ён для старэйшых класаў — ад восьмага да дзесятага. Навуменка. / Пра жывёл, птушак, насякомых. Рыбіны пачынаюць тоўпіцца і шукаць выйсця. Грахоўскі. / Аб прадметах. Вакол тоўпіліся меднастволыя сосны. Кухараў. Наверсе тоўпіліся змрочныя каменныя калоны, а за імі — уваход у нязграбную прыземістую будыніну. Б. Стральцоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Розныя думкі тоўпіліся ў галаве, але ўсе яны былі пякучыя, і сэрца ныла, ныла. Марціновіч. Малюнкі з пражытага, з мінулага тоўпяцца, праплываюць карагодам, вярэдзяць сардэчныя раны. Місько.

2. Абл. Умяшчацца дзе‑н., у чым‑н. [Аўтобус] быў малы, і ў Востраве на прыпынку не маглі ўсе сесці — не тоўпіліся. Пташнікаў. / Пра думкі, радасць і пад. — Добры дзень, Вера! — голасам, у якім не тоўпілася радасць, прамовіў Мікалай. Дамашэвіч. Не тоўпілася ў яго местачковай галаве, каб яго сястра Фрэйда зрабілася свінаркай. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)