Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мы́ла, ‑а, н.

1. Рэчыва з тлушчу і шчолачы, якое лёгка распускаецца ў вадзе і ўжываецца для мыцця. Простае мыла. Туалетнае мыла. Клеевае мыла. □ Мокрыя яшчэ валасы пахлі дарагім мылам. Чорны.

2. перан. Белая пена ў коней ад поту. Коні нашы былі ў мыле, цяжка дыхалі. Якімовіч.

•••

Зялёнае мыла — вадкае мыла зеленавата-бурага колеру, якое выкарыстоўваецца як дэзінфіцыруючы сродак.

Зарабіць, як Заблоцкі на мыле гл. зарабіць.

Як мыла з’еўшы гл. з’еўшы.

мыла...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «мыла», напрыклад: мылаварня, мылаварэнне.

мылава́р, ‑а, м.

Спецыяліст па мылаварэнню.

мылава́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мылаварэння. Мылаварная вытворчасць. Мылаварны завод.

мылава́рня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, якое вырабляе мыла, мылаварны завод.

мылаварэ́нне, ‑я, н.

Вытворчасць мыла.

мыле́ц, ‑льцу, м.

Тое, што і плывун.

мы́ліца, ‑ы, ж.

Палка з папярочынамі ўверсе і ў сярэдняй частцы, на якую апіраецца рукою бязногі або з хворай нагою чалавек. Стаяла двое калек-салдат — адзін на двух мыліцах, другі — на драўлянай назе. Гартны. Малады яшчэ хлопец у армейскай форме, у фуражцы з зоркай, з-пад якой бялеў кучаравы чуб, крочыў на мыліцах, асцярожна перастаўляючы правую нагу. Хадкевіч.

мы́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

1. Намыльваць сябе мылам.

2. Распускаючыся ў вадзе, даваць пену. Глей аж сіні, мыліцца, як сапраўднае мыла. Ваданосаў.

3. Зал. да мыліць.

мы́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. каго-што. Намыльваць мылам з вадою. Пакуль [Юхневіч] мыліў і мыў рукі, ад якіх ішоў пах бензіну, сястра Андрэя пачысціла яму пінжак. Савіцкі.

2. што. Распускаць мыла ў вадзе. Мыліць ваду.