Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дво́е, дваіх, ліч. зб.

Два (падліковага значэння не мае, ужываецца з назоўнікамі мужчынскага, ніякага або агульнага роду, якія абазначаюць асоб, маладых істот, а таксама з назоўнікамі, якія маюць толькі мн. лік, і з асабовымі займеннікамі ў мн. ліку). Двое братоў. Двое ягнят. Двое саней. Нас было двое. □ Двое рабочых разбілі на кавалкі даўжэзны прэнт. Чорны. // толькі Н і В. Дзве пары (з назоўнікамі, якія абазначаюць парныя прадметы). Двое панчох. Двое вачэй.

•••

На сваіх дваіх (жарт.) — пехатой, пешшу.

двое... (а таксама двая...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае словам: два, двайны, напрыклад: двоеўладдзе, дваяжэнства.

двоеўла́ддзе, ‑я, н.

Адначасовае існаванне дзвюх улад (у адной краіне, горадзе, арганізацыі і пад.).

дво́ечнік, ‑а, м.

Разм. Вучань, які пастаянна атрымлівае двойкі. У класе няма двоечнікаў.

дво́ечніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да двоечнік.

дво́йка, ‑і, ДМ двойцы; Р мн. двоек; ж.

1. Лічба 2. Напісаць двойку. // Разм. Назва розных прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 2 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 2.

2. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем дрэнна. — Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што ты двойку атрымаў? Брыль.

3. Ігральная карта, пласцінка даміно з двума ачкамі.

4. Гоначная лодка з двума веслярамі.

дво́йня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і двайняты; блізняты. Нарадзіць двойню.

дво́йчы, прысл.

1. Два разы. Ужо Костусь двойчы неўзаметкі Саскокваў з печы на разведкі. Колас. Двойчы ўжо ўздымалася над ракой, відаць, усё тая ж самая, хітрая чапля, не падпускаючы на стрэл. Брыль.

2. Удвайне. [Тарыел] ведаў толькі адно: іменна тут трэба сыходзіць у даліну, і гэта двойчы небяспечна: скала можа аказацца вельмі крутой, і тут жа, унізе, могуць аказацца салдаты. Самуйлёнак.

•••

Як двойчы два (чатыры) — бясспрэчна, ясна, зразумела.

двор 1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор 2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

дво́рнік, ‑а, м.

1. Работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома. На тратуары з саўком і мятлою завіхаўся запознены дворнік. Карпаў. А калі Дзіма ішоў са школы, — на вуліцах высіліся цэлыя гурбы, і барадатыя дворнікі ў аўчынных кажухах і валёнках шырокімі драўлянымі лапатамі рассоўвалі іх з сярэдзіны вуліцы да рышткоў. Якімовіч.

2. Разм. Прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу. [Снег] залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шамякін.