двойчы, прысл.
1. Два разы. Ужо Костусь двойчы неўзаметкі Саскокваў з печы на разведкі. Колас. Двойчы ўжо ўздымалася над ракой, відаць, усё тая ж самая, хітрая чапля, не падпускаючы на стрэл. Брыль.
2. Удвайне. [Тарыел] ведаў толькі адно: іменна тут трэба сыходзіць у даліну, і гэта двойчы небяспечна: скала можа аказацца вельмі крутой, і тут жа, унізе, могуць аказацца салдаты. Самуйлёнак.
•••
Як двойчы два (чатыры) — бясспрэчна, ясна, зразумела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)