Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аэра...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «авіяцыйны», «паветраны», напрыклад: аэраклуб, аэрамаяк, аэранавігацыя.

[Ад грэч. aēr — паветра.]

аэравакза́л, ‑а, м.

Вакзал аэрапорта.

аэравізуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Пра назіранні, якія праводзяцца з дапамогай лятальных апаратаў; звязаны з такімі назіраннямі. Аэравізуальная экспедыцыя.

аэраву́зел, ‑зла, м.

Комплекс аэрапартоў і звязаных з імі служб або аэрапорт у пункце злучэння многіх авіяліній.

аэрадро́м, ‑а, м.

Пляцоўка для стаянкі, узлёту, пасадкі і абслугоўвання лятальных апаратаў. Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Пад аэрадромнымі паветкамі сталі ў шэрагі самалёты. Бядуля.

[Ад грэч. aēr — паветра і dromos — месца для бегу.]

аэрадро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аэрадрома. Аэрадромная гаспадарка.

аэрадына́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

Навука аб супраціўленні паветра і газаў пры руху розных цел.

[Ад грэч. aēr — паветра і dynamis — сіла.]

аэрадынамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аэрадынамікі, звязаны з ёю. Аэрадынамічная лабараторыя. Аэрадынамічныя якасці самалёта.

аэразды́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Тое, што і аэрафотаздымка.

аэразо́ль, ‑ю, м.

Безліч найдрабнейшых часцінак якога‑н. рэчыва, распыленых у газах або газападобным асяроддзі.