Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цюркало́гія, ‑і, ж.

Сукупнасць навук, якія вывучаюць цюркскія мовы і культуры.

цю́ркі, ‑аў; адз. цюрк, ‑а, м.; цюрчанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. цюрчанкі, ‑нак; ж.

Вялікая група роднасных па мове народаў, да якіх адносяцца татары, азербайджанцы, узбекі, казахі, кіргізы, башкіры, туркмены, якуты, туркі і інш.

цюркі́зм, ‑а, м.

Слова або моўны зварот, запазычаны з адной з цюркскіх моў.

цюрко́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па цюркалогіі. У сучасны момант надзейныя вынікі па вывучэнню цюркізмаў у славянскіх мовах могуць быць атрыманы толькі калектыўнымі намаганнямі славістаў і цюрколагаў. Жураўскі.

цю́ркскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цюркаў, які належыць, уласцівы ім. Цюркскія мовы. Цюркскія народы.

цюрча́нка,

гл. цюркі.

цюфя́к, ‑а, м.

Спец. Гнуткае пакрыццё каля мастоў, плацін для засцярогі рэчышча ракі і берагоў ад размыву.

цюхця́й, ‑я, м.

Разм. неадабр. Непаваротлівы, няспрытны, абыякавы да ўсяго чалавек; няўклюда. [Дуня:] Ды хіба з такой галавой і ў тваіх гадах можна супакоіцца на тым, што ёсць? Эх ты цюхцяй! Губарэвіч. Колькі думалася [Галіне] пра тое, што там за вясковыя хлопцы. Дзікія і дзікаватыя. Цюхцяі... Ажно на табе. Самаму першаму палец у рот не кладзі. Пташнікаў.

цю́целька, ‑і, ж.

У выразе: цюцелька ў цюцельку — зусім дакладна, кропля ў кроплю. Судны ходзяць праз дзень і на прыстань прыбываюць якраз к пачатку Люсьчынай работы. «Чаркес» яе дастаўляе цюцелька ў цюцельку. Ракітны. [Грышка:] — А цяпер скажы мне яшчэ, адкуль ты [Кастусь] так пра маю жытку ведаеш?.. У хаце маёй, здаецца, не быў, а ўсё цюцелька ў цюцельку праўда... С. Александровіч.

цю́цька, ‑і, м.

Разм.

1. Сабака. Саломінка то пакручвалася перад сабачым носам, то спрытна ўцякала ад выскаленай пысы, а цюцька бег ды бег, брахаў і брахаў да хрыпаты. Лужанін. // Ласкавы зварот да сабакі. Сабакі хутка ачухаліся. Перасталі яе чапаць. — Цюцькі... Цюцькі... — прагаварыла.. [Фрося] з дакорам. Бядуля.

2. Ужываецца звычайна ў параўнальных выразах са значэннем слова сабака. — З-замерзла я, Толік, як цюцька! — засмяялася Люда. — І ніяк не сагрэцца. Брыль. Мокрыя, як цюцькі, вылезлі мы на бераг. Якімовіч.

3. Ужываецца як лаянкавае слова. — Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік.. Цюцька, якіх свет не бачыў, — дадаў Якаў Гошка. Грахоўскі. «Які ты пан? Ты цюцька руды!» — Так пачыналася пісьмо. Колас.