Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Змена існуючага грамадска-палітычнага ладу або ўрада сілай. Дзяржаўны пераварот. Рэвалюцыйны пераварот. Палітычны пераварот.

2. Рэзкі паварот, карэнныя змены ў развіцці, ходзе чаго‑н. Пераварот у навуцы. Тэхнічны пераварот. □ З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Колас. І вось за адзін вечар адбыўся цэлы пераварот, адчуў Віця, што цяпер не толькі пра свае клопаты думаць трэба. Нядзведскі.

3. Спец. Фігура вышэйшага пілатажу, пры якой самалёт пераварочваецца ў паветры. Зрабіўшы правы, пасля левы віражы, Крывахіж паправіў на плячах лямкі парашута.. І пайшлі перавароты, пасля пятля... Алешка. // Гімнастычная фігура, пры якой цела гімнаста пераварочваецца ў паветры.

•••

Дварцовы пераварот — насільная змена манарха, кіраўніка дзяржавы сіламі прыдворных груп высокапастаўленых асоб без ўдзелу народных мас.

пераваро́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. пераварочваць — перавярнуць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

пераваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да перавярнуцца (у 1–3 знач.).

2. Зал. да пераварочваць.

пераваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перавярнуць.

перавары́цца, ‑варыцца; зак.

1. Паварыцца нанава, яшчэ раз.

2. Сапсавацца, страціць некаторыя якасці ў выніку доўгага варэння; гатавання. А калі і зварыць, то радасці ад яды той мала: яна ці недасоленая, ці перасоленая, не даварыцца альбо пераварыцца, а то яшчэ і прыгарыць. Сачанка.

3. Перапрацавацца, засвоіцца ў працэсе стрававання. // перан. Разм. Успрыняцца, засвоіцца, перапрацавацца.

перавары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што.

1. Зварыць нанава, яшчэ раз. Пераварыць варэнне.

2. Сапсаваць, пазбавіць патрэбных якасцей у выніку празмернага варэння гатавання. Пераварыць мяса.

3. Перапрацаваць, засвоіць у працэсе стрававання. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч. // перан. Разм. Успрыняць, засвоіць, перапрацаваць. Унтэру столькі незразумелых слоў не пераварыць да самай смерці. Асіпенка.

перавастры́ць, ‑вастру, ‑вострыш, ‑вострыць; зак., што.

1. Навастрыць іначай, яшчэ раз. Перавастрыць разец.

2. Навастрыць усё, многае.

3. Навастрыць вельмі моцна, больш, чым трэба. Перавастрыць брытву.

пераве́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Наведаць, праведаць каго‑н.; даведацца. Вельмі ж крыўдзілася на мяне маці, што я на яе забыўся і не еду нават пераведацца. Сачанка. Да мяне прыехаў пераведацца аж з Украіны былы начальнік штаба Грыша Астрамуха. Янкоўскі.

пераве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. каго. Наведаць, праведаць. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка. Усім хацелася пераведаць земляка, пагутарыць, падзяліцца навінамі. Краўчанка.

2. што і чаго. Зазнаць. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а.. [дубы] спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў на свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч смерці. Колас.

пераве́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераведаць (у 1 знач.).