Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перава́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пераважыцца.

2. Зал. да пераважваць.

перава́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераважыць.

перава́жна, прысл.

Галоўным чынам, у большасці. Усю працу каля дому і ў хаце вяла пераважна маці. Глебка. Лес быў пераважна хваёвы — сасна, елка, піхта. Шамякін.

перава́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пераважнага.

перава́жны, ‑ая, ‑ае.

Найбольш пашыраны, распаўсюджаны; пераважаючы. Пераважная частка дыверсій [на чыгунцы] — справа рук партызан. Лынькоў. Пераважная большасць пабудоў зроблена з мясцовых карэльскіх матэрыялаў. Галавач.

перава́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Узважыцца нанава, яшчэ раз.

2. Тое, што і перавесіцца.

перава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Узважыць усё, многае або ўсіх, многіх. Пераважыць усе мяшкі з мукой. Пераважыць увесь насенны фонд.

2. Узважыць яшчэ раз. Пераважыць груз перад здачай.

3. Перасягнуць у вазе.

4. перан. Атрымаць перавагу, аказацца больш значным, важкім; перасіліць. Дапытлівасць пераважыла страх.

перавазі́ць, ‑важу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-што.

Возячы, паступова перавезці, пераправіць усё, многае або ўсіх, многіх. Перавазіць усе снапы.

перава́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. перавальваць ​1 — пераваліць ​1 (у 2 знач.).

2. Месца пераходу праз горны хрыбет. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. Быкаў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Шамякін.

3. перан. Разм. Змена, паварот у развіцці чаго‑н. Беларусь на крутым перавале Нараджаецца вольнай сягоння. Чарот.

перавалака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да перавалачыся.

2. Зал. да перавалакаць.