Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перава́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Заахвоціўшы, зацікавіўшы чым‑н., угаварыць перайсці, пераехаць куды‑н.; схіліць на свой бок. Вежа прыбавіў .. [Геленв] пенсіі, плаціў цяпер сто рублёў, абы не перавабілі ў губернскі тэатр. Караткевіч.

перава́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перавабіць.

перава́бліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перавабліваць — перавабіць.

перава́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перавабіць.

перава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Асаблівасць, якая выгадна адрознівае каго‑, што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Пачуццё ўласнай перавагі. Маральная перавага. Колькасная перавага. □ У нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Шамякін. Ёсць адна дзіўная перавага ў старых гаспадынь. Яны вельмі хутка накрываюць стол. Броўка. // Выгада, карысць. Лішні раз .. [людзі] пераканаліся, якую перавагу дае дружны агульны наступ. Маўр.

2. Выключнае права на што‑н., прывілея. Царскі ўрад, праводзячы дыктатуру памешчыкаў-прыгоннікаў, .. [даў] памешчыкам усе правы і перавагі, а ўсе абавязкі ўсклаў на сялян. Лушчыцкі.

•••

Аддаць перавагу каму-чаму гл. аддаць.

перавадзі́ць, ‑ваджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак., каго.

Разм. Водзячы за сабой, прымусіць усіх, многіх пабываць дзе‑н.

перава́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераважыць (у 1, 2 знач.).

пераважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Мець перавагу ў чым‑н.; займаць пануючае становішча. Як ні многа стралялі, як ні многа было вакол свінцу, сталі і пораху, але пах лісця пераважаў, нішто не магло заглушыць гэтага цёплага, прэлага водару вільготнай асенняй зямлі. Шамякін. Тут пераважаюць сосны, але густа расце і ядловец, і маладыя дудкі, і арэшнік. В. Вольскі. У дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры пераважала паэзія і драматургія. Пшыркоў.

пераважа́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пераважаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Найбольш пашыраны, распаўсюджаны; асноўны, пануючы. Пераважаючым у беларускай арфаграфіі з’яўляецца фанетычны прынцып пісьма. Юргелевіч. Крытычны рэалізм заваёўваў пазіцыі пераважаючага напрамку ў літаратуры. Казека.

3. Дзеепрысл. незак. ад пераважаць.

перава́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. пераважваць — пераважыць (у 1, 2 знач.).