Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эта́н, ‑у, м.

Бясколерны гаручы газ, які знаходзіцца ў прыродным і свяцільным газе.

[Ад грэч. aithēr — эфір, паветра.]

эта́п, ‑а, м.

1. Пункт на шляху руху войска, у якім ваеннаслужачыя забяспечваюцца начлегам, харчамі, фуражом. Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб Акруговага этапа. Баранавых.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — пункт для начлегу арыштанцкіх груп, а таксама ўвесь шлях іх руху да месца ссылкі. Лісты пажоўклыя пад ногі Асенні дожджык церабіў, За міляй мілю, праз астрогі, Этапы мералі ў Сібір. Лужанін. // Група, партыя арыштаваных, якая пад канвоем накіроўваецца куды‑н. Балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры. Па шырокім гасцінцы панура этап наш брыдзе. Танк. Забастоўкі фабрык і майстэрняў, этапы высылаемых з Грузіі, лік самагубстваў на Верыйскім мосце.. — усё гэта набліжала развязку, пагібель меншавіцкага ўладарства. Самуйлёнак.

3. Асобная частка чаго‑н. Этап пералёту. // Пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах. Этапы велагонкі.

4. Прамежак часу, перыяд, адзначаны якой‑н. надзеяй; стадыя, ступень у развіцці чаго‑н. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы. Колас. Па-першае, цяперашні этап вызначаецца далейшым паглыбленнем дэмакратычнай асновы Саветаў, расшырэннем сістэмы народнага прадстаўніцтва. Машэраў.

•••

Па этапу (этапам) — у дарэвалюцыйнай Расіі — пад канвоем (пра перасылку арыштантаў).

[Фр. étape.]

эта́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да этапа (у 1, 2 знач.). Доўга думаў Войцік, чаму шпікі адвезлі Максіма ў гарадскі астрог, а не ў дэфензіву ці паліцыю на папярэдняе следства і допыт? Ён ведаў, што пры гарадскім астрозе следства не вядуць, што гэта астрог этапны, перасылачны. Машара.

2. Які звязаны з перасылкай па этапу. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. // у знач. наз. эта́пны, ‑ага, м. Асоба, якая рухаецца па этапу пад канвоем. // Які суправаджае, канваіруе тых, каго перасылаюць па этапу. На нашай вуліцы стаяла этапная рота, якая канваіравала палонных аўстрыякаў. Хведаровіч.

3. Які з’яўляецца этапам (у 4 знач.). У кожнай літаратуры ёсць творы этапныя і малазначныя. Шкраба. Этапнымі тварамі Янкі Брыля, якія адпавядаюць гэтым новым ідэйным якасцям яго рэалізму, з’яўляюцца «Марыля», «Зладзеі», «У сям’і». Майхровіч.

этнагеагра́фія, ‑і, ж.

Навуковая дысцыпліна, якая знаходзіцца на стыку этнаграфіі з геаграфіяй і вывучае размяшчэнне этнічных супольнасцей, асаблівасці іх рассялення і тэрытарыяльных узаемаадносін у цеснай залежнасці ад сацыяльна-эканамічных, палітычных, прыродных і іншых фактараў.

этнагене́з, ‑у, м.

Паходжанне якога‑н. народа. Этнагенез славян.

[Ад грэч. éthnos — племя, народ і genesis — паходжанне.]

этнаграфі́зм, ‑у, м.

Наіўнасць этнаграфічных рыс, асаблівасцей, апісанняў, дэталей дзе‑н. (у кнізе, п’есе і пад.).

этнаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да этнаграфіі. Этнаграфічны музей. Этнаграфічнае даследаванне. □ У канцы 1912 г. для ўдзелу ў этнаграфічным вечары ў Пецярбург другі раз прыехаў Ігнат Буйніцкі. Ліс. Найбольш раннімі працамі Філіповіча ў галіне графікі з’яўляюцца этнаграфічныя замалёўкі. Шматаў.

этнагра́фія, ‑і, ж.

1. Навука, аб’ектам вывучэння якой з’яўляецца матэрыяльная і духоўная культура народаў і іх культурна-гістарычныя ўзаемаадносіны.

2. Сукупнасць усіх асаблівасцей быту, культуры, звычаяў якога‑н. парода, народнасці. мясцовасці і пад. Этнаграфія Палесся.

[Ад грэч. éthnos — племя, народ і graphō — пішу.]

этналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да этналогіі. Этналагічнае даследаванне.

этнало́гія, ‑і, ж.

Народазнаўства; у буржуазнай навуцы тэрмін супрацьстаўляецца апісальнай этнаграфіі.

[Ад грэч. éthnos — племя, народ і lógos — вучэнне.]