эта́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да этапа (у 1, 2 знач.). Доўга думаў Войцік, чаму шпікі адвезлі Максіма ў гарадскі астрог, а не ў дэфензіву ці паліцыю на папярэдняе следства і допыт? Ён ведаў, што пры гарадскім астрозе следства не вядуць, што гэта астрог этапны, перасылачны. Машара.

2. Які звязаны з перасылкай па этапу. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. // у знач. наз. эта́пны, ‑ага, м. Асоба, якая рухаецца па этапу пад канвоем. // Які суправаджае, канваіруе тых, каго перасылаюць па этапу. На нашай вуліцы стаяла этапная рота, якая канваіравала палонных аўстрыякаў. Хведаровіч.

3. Які з’яўляецца этапам (у 4 знач.). У кожнай літаратуры ёсць творы этапныя і малазначныя. Шкраба. Этапнымі тварамі Янкі Брыля, якія адпавядаюць гэтым новым ідэйным якасцям яго рэалізму, з’яўляюцца «Марыля», «Зладзеі», «У сям’і». Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)