Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перабінтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Забінтаваць іначай, змяніць стары бінт. Перабінтаваць рану свежым бінтам.

2. Тое, што і забінтаваць.

3. Забінтаваць усіх, многіх або ўсё, многае.

перабінто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перабінтаваць.

перабіра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перабіраць — перабраць.

перабіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да перабрацца.

2. Зал. да перабіраць (у 1, 4 знач.).

перабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да перабраць.

2. Быць пераборлівым, надзвычай патрабавальным пры выбары каго‑, чаго‑н. — Колькі сваталася, ніхто да спадобы не даходзіць. Усё перабіраеш. Чорны. Хто перабірае, у таго хамут гуляе. Прыказка.

3. што. Рытмічна кратаць, патузваць што‑н. пальцамі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец. Лынькоў. Зося скоса глядзела на свёкра і спакойна перабірала падол фартуха. Бажко.

4. што. Рабіць пярэбіркі (пра сена, салому і пад.).

перабі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перабіць.

перабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’емся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбіцца — пра ўсё, многае. Перабіліся талеркі.

2. Разм. Перажыць нястачу, цяжкасці; сяк-так пражыць, абысціся некаторы час без чаго‑н.; перакідацца. — На людзях і гора не такое горкае. Як будуць усе жыць, гэтак і мае [родныя] пераб’юцца, — сказаў я Марынічу. Сабаленка. [У вёсцы] пражыць танней, можна было не чапаць пенсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькоўскім крупніку. Колас.

перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

1. каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі... Лынькоў.

2. што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго. Шашкоў.

3. што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі. Шашкоў. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

4. што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны. Галавач.

5. што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое. Янкоўскі.

6. каго-што. Не даўшы дагаварыць, перарваць. Перабіць прамоўцу рэплікай. □ — Туманна, доктар, тлумачыце, — жуючы ў зубах патухшую папяросу, перабіў Анішчанку Громаў-Дар’яльскі. Васілевіч.

7. што. Перашкодзіць каму‑н. ажыццявіць, здзейсніць што‑н. Перабіць куплю.

8. што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта. Асіпенка. Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Мележ. Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах. Савіцкі.

9. што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг. Дубоўка.

10. што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.

пераблы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пераблытаць.

2. у знач. прым. Хаатычна перавіты, пераплецены. Пасмы чорных пераблытаных валасоў навіслі на самыя вочы. Васілёнак.

пераблы́тацца, ‑аецца; зак.

1. Пераплесціся паміж сабою.

2. перан. Бязладна перамяшацца. Сваяцкія ніці паміж імі даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч. Як усё добра складвалася, меркавалася — і вось на табе, з’явіўся нейкі палонны француз, нейкі Мішэль, і ўсё пераблыталася, ускладнілася... Сачанка. // Страціць выразнасць, паслядоўнасць, стаць бязладным, хаатычным (аб думках, успамінах і пад.). Пераблыталіся думкі. □ Усё перакруцілася, пераблыталася ў галаве. Асіпенка.