цэ́ўкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цэўкі (у 1 знач.), ажыццяўляецца з дапамогай цэвак. Цэўкавая машына. Цэўкавая перадача.
2. Які з’яўляецца цэўкай (у 3 знач.). Цэўкавая кветка.
цэх, ‑а, м.
1. Уст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі. Да нашых часоў дайшлі статуты цэхаў металістаў, краўцоў, шаўцоў, муляраў. «Полымя».
2. Асноўнае вытворчае падраздзяленне прамысловага прадпрыемства. Друкарскі цэх. Кацельны цэх. □ На заводзе закрылі ўсе цэхі, дзе вырабляліся электрапрыборы для ўжытку. Шамякін. Павіншавалі мы яго І па-ранейшаму, папросту. Калегі цэха аднаго, Дзялілі радасць, боль і роздум. Гілевіч. // Памяшканне, дзе размяшчаецца такое падраздзяленне. Для ўліку расходу электраэнергіі ў цэхах устаноўлены лічыльнікі. «Звязда».
[Ням. Zeche.]
цэх...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «цэхавы», напрыклад: цэхкамітэт, цэхмайстар.
цэ́хавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цэха, адпавядае патрабаванням цэха (у 1 знач.). Цэхавыя карпарацыі. Цэхавыя законы. Цэхавыя прывілеі.
2. Які мае адносіны да цэха (у 2 знач.), належыць цэху. Цэхавы сход. Цэхавае абсталяванне. Цэхавы камітэт. □ [Піліп] нават напісаў пра Міхаську ў цэхавую насценную газету. Кулакоўскі.
3. перан. Вузкі, замкнёны ў межах сваёй групы, прафесіі і пад.; абмежаваны.
цэхаўшчы́на, ‑ы, ж.
Разм. Замкнёнасць у межах сваёй прафесіі, прафесіянальная вузкасць.
цэхі́н, ‑а, м.
Старадаўняя венецыянская залатая манета, якая хадзіла і ў іншых краінах Еўропы.
[Іт. zecchino.]
цэхко́м, ‑а, м.
Цэхавы камітэт. Выбары цэхкома.
цэцэ́, нескл., ж.
Афрыканская жывародная муха, якая корміцца кроўю чалавека і пазваночных і з’яўляецца пераносчыкам узбуджальнікаў соннай хваробы.
[Банту.]
цэ́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Абл. Кукарда. На чалавеку быў доўгі шынель без пагонаў і зімовая салдацкая шапка без цэшкі. Якімовіч. Алесь браў стрэльбу, шапку з цэшкай І нёс з шчасліваю ўсмешкай. Колас.
цюбеце́йка, ‑і, ДМ ‑цейцы; Р мн. ‑цеек; ж.
Круглая ці вастраверхая шапачка з вышыванымі або тканымі ўзорамі. Ахметка ссунуў на патыліцу цюбецейку і зірнуў на Люсю і Валю хітрушчымі вачыма. Даніленка.
[Цюрк.]