пашчо́ўкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым і без дап.
Час ад часу, злёгку шчоўкаць. Пашчоўкваць замком партфеля. □ Пашчоўквае метал, звіняць шклянкі, чуецца ціхі .. голас хірурга. Карпюк.
пашчупле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць больш шчуплым, шчуплейшым. [Марыля] была вельмі мажная, на галаву вышэй за бацьку, які, здавалася, пашчуплеў. Чорны.
пашчыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і пашчыпацца.
пашчыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і пашчыпаць (у 1, 2 знач.).
пашчыльне́ць, ‑ее; зак.
Стаць больш шчыльным, шчыльнейшым. Пашчыльнелі атрады чырвоных Непамернаю, новаю сілай. Трус.
пашчыпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Шчыпацца некаторы час.
пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.
2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.
3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. — Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.
пашчы́пванне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. пашчыпваць.
пашчы́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Час ад часу, злёгку шчыпаць. Мароз к ночы мацнеў, пашчыпваў твар, вушы. Сіняўскі.