пашанцава́ць, ‑шанцуе; безас. зак., каму і без дап.
Пра спрыяльны для каго‑н. збег акалічнасцей, пра ўдачу ў чым‑н. Сердзюку пашанцавала ўдвайне. Аднаго парушальніка ён падмяў жыўцом і, седзячы на ім верхам, дагнаў з аўтамата другога. Брыль. І вось я на месцы. На гэты раз мне пашанцавала: я дабраўся днём. Ракітны. Пашанцавала нам тут неяк за адзін дзень упаляваць трох лісіц. Машара.
пашапта́цца, ‑шапчуся, ‑шэпчашся, ‑шэпчацца; зак.
Пагаварыць шэптам. Пакуль Раман вячэраў, жанчыны пашапталіся паміж сабой, і абедзве падышлі да стала. Чарнышэвіч.
пашапта́ць, ‑шапчу, ‑шэпчаш, ‑шэпча; зак.
1. што і без дап. Сказаць што‑н. шэптам, прашаптаць; пагаварыць некаторы час шэптам. Пашаптаць на вуха. □ [Паўлік] паклікаў Мікешку ўбок і нешта пашаптаў яму. Беразняк.
2. Уст. Сказаць замову. [Бабка:] — А вы ўсё сядзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас.
пашарава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пашараваць.
пашарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Шаруючы, пачысціць, памыць. — Дайце вам плечы пашарую, — запрапанаваў свае паслугі Мікола Гнак. Колас. Дзед зняў з паліцы медны гаршчок, пашараваў да бляску анучай. Бядуля.
2. і без дап. Шараваць некаторы час.
паша́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Шаркаць некаторы час.
паша́ркваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Шаркаць злёгку, крыху або час ад часу. Пашаркваць нагамі.
пашарпа́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашарпаць.
2. у знач. прым. Які знасіўся, падраўся ў выніку працяглага або нядбайнага карыстання, нашэння. Побач стаяў пашарпаны .. чамадан, па рагах абабіты жоўтаю скураю.. Броўка. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.
пашарпа́цца, ‑аецца; зак.
Знасіцца, абадрацца ў выніку працяглага або нядбайнага карыстання, нашэння. Партфель пашарпаўся. □ Вокны [касцёла] вузкія ды высокія — гэта добра, вежы можна ўкараціць, зняць, верхавінкі, рэбры на іх відаць, бляха ўжо добра пашарпалася. Лобан.
пашарпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Знасіць, падраць у выніку працяглага або нядбайнага карыстання, нашэння. Пашарпаць паліто. Пашарпаць стол.