пачу́лі, ‑яў; адз. няма.
1. Невялікая трапічная расліна сямейства губакветных з пахучымі лісцямі і галінамі, якая цвіце дробнымі белымі або фіялетавымі кветкамі.
2. Эфірны алей з вельмі моцным пахам, атрыманы з лісцяў і галін гэтай расліны.
пачу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пачуць.
2. у знач. прым. Які пачулі або якога пачулі. Нечакана пачуты крык аб паратунку да болю сціснуў сэрца. Шыловіч. Гэта выразны шорах, напэўна, хада парушальніка, — асцярожная, з напружанай думкай не быць пачутым, выкрытым. Брыль.
3. у знач. наз. пачу́тае, ‑ага, н. Тое, што пачулі, аб чым даведаліся са слоў. Салаўёў быў узрушаны пачутым, як вельмі важнай і прыемнай навіной. Шахавец. Ад пачутага і ўбачанага памутнела ўваччу, ногі самлелі. Кірэйчык.
пачу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Зак. да чухацца.
2. Чухацца некаторы час.
пачу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Зак. да чухаць.
2. Чухаць некаторы час.
•••
Пачухаць патыліцу — паклапаціцца, падумаць, як выйсці з цяжкага становішча.
пачу́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Час ад часу, злёгку чухацца.
пачу́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Час ад часу, злёгку чухаць. — А! брат ты мой! — ахаў Пракоп ды пачухваў патыліцу. Колас.
пачу́цца, ‑чуецца; зак.
1. Стаць чутным; загучаць. Недзе празвінела піла, пачуўся стук малаткоў, залязгалі гусеніцы крана. Гурскі. Быццам па сігналу, пачаў сціхаць людскі гоман, і ў цішыні раптам пачулася вуркатанне матора. Карпаў.
2. Разм. Адчуць сябе. Настаўнікі з вялікаю прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа, асвяжыліся і пачуліся як не трэба лепей. Колас. А ці ёсць гарады, Каб зайшоў і адразу пачуўся, Быццам жыў тут заўжды, А сягоння з дарогі вярнуўся? Лужанін.
3. Разм. Адчуцца, успрыняцца органамі пачуццяў. Нейкая недабрата пачулася яшчэ з вясны: Марына часам злёгку тэмпературыла, слабела, яе адольвала стома. Марціновіч. І сцэна ажыла, — лісты затрапяталі, і ветрык зашумеў у бэзавых кустах, пачуўся нават ружаў пах. Корбан.
пачу́цце, ‑я, н.
Здольнасць адчуваць, успрымаць з’явы аб’ектыўнай рэальнасці. Органы пачуццяў.
пачу́ццевасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і якасць пачуццевага. Пачуццевасць успрымання.
2. Здольнасць успрымаць што‑н. органамі пачуццяў.
пачу́ццевы, ‑ая, ‑ае.
Які ажыццяўляецца або ўспрымаецца пры дапамозе органаў пачуццяў.