Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пацяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца цяжкім, цяжэйшым. Налітыя сокам каласы схіліліся долу і, абмытыя вячэрняй расой, пацяжэлі. Чарнышэвіч. // Стаць грузным, цяжкім. Хада .. [Грэчкі] пацяжэла. Мележ.

2. Стаць вялым, страціць рухомасць (ад болю, стомленасці і пад.). Хоць пацяжэлі рукі, цела, ногі І ўжо узняцца мы не мелі змогі, А вочы пільна паглядалі ўдалеч. А. Астапенка.

пацялі́цца, ‑целяцца; зак.

Ацяліцца — пра ўсіх, многіх. Усе каровы пацяліліся.

пацямне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пацямнеў, стаў цёмным. Моўчкі, нібы запамінаючы, .. [Алесь] сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме. Караткевіч. У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Колас. Яго крыху пацямнелыя за восень і зіму валасы рассыпаліся на два бакі і падалі на лоб. Шамякін.

пацямне́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. пацямнець.

пацямне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць цёмным, цямнейшым. Пацямнеў і неўзабаве сышоў снег. Васілеўская. Твар .. [камандзіра] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадой. Шамякін. // Стаць змрочным, хмурным. Андрыян пацямнеў, як хмара, нічога не сказаў, толькі бліснуў позіркам спадылба і ўхапіўся за рычагі. Марціновіч.

2. безас. Пра наступленне змроку, цемнаты. Яшчэ доўга да вечара захмарыла ўсё, пацямнела навокал. Мележ.

•••

У вачах пацямнела — памутнела ў вачах ад стомы, болю, хвалявання і пад.

пацяпле́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. пацяплець.

пацяпле́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць цёплым, цяплейшым. Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў .. [Лабановіч] сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. Колас. Незнаёмы, хораша ўсміхаючыся, разглядаў братоў, як бы параўноўваючы іх, і вочы яго пацяплелі і не здаваліся такімі калючымі. Шамякін. / у безас. ужыв. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з’явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

2. безас. Пра наступленне цяпла, цёплага надвор’я. Пацяплела. Вецер сціх. Чорны. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. Сашка. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.

пацяро́б, ‑у, м.

Дзялянка выкарчаванага лесу. Лепей за ўсё прабірацца дарогай паўз лес, праз старыя пацяробы. Лынькоў. На пацяробе за ракою бразгае спутаны конь бляшаным званком. Нікановіч.

пацяро́бкі, ‑аў; адз. няма.

Адходы, якія застаюцца пасля цераблення чаго‑н.

пацярпе́ўшы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. зал. пр. ад пацярпець.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які панёс страты, пацярпеў.

3. у знач. наз. пацярпе́ўшы, ‑ага, м.; пацярпе́ўшая, ‑ай, ж. Той (тая), хто пацярпеў. Вечарам .. [Глобаў] загадаў паклікаць у кантору самога віноўніка і пацярпеўшага. Беразняк.

4. Дзеепрысл. зак. ад пацярпець.