Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

яе́чка, ‑а, н.

1. Памянш.-ласк. да яйцо.

2. Парная мужчынская палавая залоза, што выпрацоўвае сперматазоіды і мужчынскія палавыя гармоны.

3. У батаніцы — устарэлая назва семязавязі.

•••

Як яечка — пра што‑н. добра зробленае, прыгожае. Тыдзень часу, і грэбля была б як яечка. Колас.

яе́чнік, ‑а, м.

Парная жаночая палавая залоза, у якой утвараюцца і спеюць палавыя клеткі.

яе́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да яйца (у 1 знач.). Яечны жаўток. Яечная шкарлупіна. // Прыгатаваны з яец, з яйцамі. Яечнае мыла. Яечны парашок. // Звязаны з нарыхтоўкай, захаваннем і продажам яец. Яечная база. Яечны склад.

2. Жоўты, колеру жаўтка. Яечны колер.

яе́чня, ‑і, ж.

Ежа з разбітых і запечаных у тлушчы яец. На снеданне гаспадыня падала яечню: на вялікай скавародцы гарэлі сонцамі паміж апетытных кавалкаў румянага сала штук шэсць жаўткоў. Шамякін.

яе́шня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і яечня.

я́зва, ‑ы, ж.

1. Гнойная або запалёная ранка на скуры ці слізістай абалонцы. Язва страўніка. Язва дванаццаціперснай кішкі. □ Высветлілася, што ў чалавека язва, прычым у такім становішчы, што прыйшлося неадкладна рабіць аперацыю. «Звязда».

2. Уст. Мор, эпідэмія.

3. перан. Пра якія‑н. адмоўныя, шкодныя з’явы ў грамадскім жыцці. З высокім пачуццём чалавека новай, сацыялістычнай маралі паэт выкрывае язвы капіталістычнага горада. Гіст. бел. сав. літ.

4. перан. Разм. Пра злога, шкадлівага, з’едлівага чалавека. Ну і язва ж ты. □ [Варавы:] А як з тою варажбіткай, Праксэдай? [Алена:] Вось толькі яна нам і стаіць упоперак горла косткай. Зазер’е наша на ўвесь раён.., на ўсю вобласць добрымі справамі славіцца, і толькі гэта язва ўсё нам псуе. Краўчанка.

•••

Моравая язва (уст.) — эпідэмія, якая выклікае вялікую смяротнасць.

Сібірская язва — заразная хвароба буйной рагатай жывёлы, авечак, коней, на якую часам хварэюць і людзі.

я́звавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да язвы (у 1 знач.), звязаны з яе ўтварэннем. Язвавая паверхня скуры. Язвавы працэс.

•••

Язвавая хвароба гл. хвароба.

я́звачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да язва (у 1 знач.); невялічкі нарыў, болька.

я́звенік, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які хварэе язвавай хваробай. Бледны, з тыповым для язвеніка шараватым адценнем, твар палкоўніка злёгку паружавеў. Мехаў.

язда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ездзіць (у 1, 2 і 4 знач.). Язда вярхом. Марудная язда. □ [Сцёпка] захапляўся яздою і тымі новымі малюнкамі, што мільгацелі перад яго вачамі. Колас.

2. У складзе спалучэнняў, што абазначаюць час, паказвае на пэўную адлегласць паміж якімі‑н. пунктамі. Тут жа і язды той на нейкія пятнаццаць хвілін. Грахоўскі.

•••

Спараная язда — на транспарце — абслугоўванне лакаматыва, аўтамашыны і пад. дзвюма брыгадамі, двума работнікамі, што змяняюць адзін аднаго.

Строеная язда — абслугоўванне лакаматыва трыма брыгадамі, якія працуюць пачаргова.