Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бязду́шнасць, ‑і. ж.

Уласцівасць бяздушнага; бессардэчнасць. Навошта душу Раскрываць гэтак смела, Калі ў той душы Бяздушнасць засела. Сіпакоў.

бязду́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены чуласці, сардэчнасці; абыякавы. [Віктар] маўчаў, не мог асмеліцца сказаць.. [Нюры] «бывай», бо бачыў, што яна чакае не гэтага бяздушнага «бывай», а нечага большага — ну, хоць бы нейкай надзеі на новую сустрэчу. Дамашэвіч. І ці многа такіх ёсць бяздушных у нас, што не ўспомняць з падзякай сардэчнаю час, калі ў школе настаўніка першы ўрок узмацніў, падтрымаў наш няўпэўнены, крок? Дубоўка.

2. Халодны, сухі. Бяздушная ігра артыста.

бязды́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не ўтварае дыму. Цяпер працаваў.. [Галілей], паводле ўласных ягоных слоў, над «цыркулярнай» бяздымнай печкай. Зарэцкі.

•••

Бяздымны порах гл. порах.

бя́зевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бязі. // Пашыты з бязі. Бязевая кашуля.

бяззбро́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае зброі, няўзброены. [Рыль:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. // перан. Пазбаўлены якіх‑н. сродкаў абароны або нападу. Рудзін уяўляў, што вось перад ім бяззбройны стаіць Андрэй, а ён кідае яму ў вочы свае словы, і Андрэй маўчыць. Галавач.

бяззлу́чнікавы, ‑ая, ‑ае.

У граматыцы — звязаны ў сінтаксічнае цэлае без дапамогі злучнікаў. Бяззлучнікавы сказ. Бяззлучнікавая сувязь.

бяззме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які на працягу доўгага часу не змяняецца; пастаянны. Бязменны колер. // Пра чалавека, які працяглы час займае адну і тую ж пасаду. Бяззменны старшыня.

бяззо́рны, ‑ая, ‑ае.

На якім не відаць зор, з нябачнымі зоркамі. Бяззорнае неба. □ Стаяла бяззорная, па-асенняму цёмная ноч. Васілёнак.

бяззу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак, Д ‑бкам; ж.

Прэснаводны малюск сямейства перлавіц, цела якога захавана ў двухдольнай ракавіне.

бяззу́бы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае зубоў. Ад ... голасу [Васілёвай жонкі] прачнулася дзіця, закугакала, пацешна зморшчыўшы носік, раскрываючы ружовы бяззубы рот. Асіпенка. [Старая] смяялася бяззубым ротам, часта моргала вачамі і радасна ківала сівой галавой. Дуброўскі. // перан. Непрынцыповы, пазбаўлены вастрыні. Бяззубая крытыка.