абадра́цца, абдзяруся, абдзярэшся, абдзярэцца; абдзяромся, абдзерацеся; зак.
1. Аблупіцца (пра кару дрэва). // Пашкодзіць скуру, пакрыць паверхню чаго‑н. драпінамі. — Пакурым, — яшчэ ўсё спакойна вырашыў Максім, — а потым усцягнем свой карабель на гэтыя клавішы. Вось толькі смала са дна абдзярэцца. Брыль.
2. Разм. Знасіць усю вопратку, абутак.
абадра́ць, абдзяру, абдзярэш, абдзярэ; абдзяром, абдзераце; зак., каго-што.
1. Здзерці з усіх бакоў, з усёй паверхні чаго‑н. верхні слой, пакрыццё і пад.; абдзерці. Абадраць кару. □ Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. // Падрапаць руку, твар і пад. Драпануў Вараны ў кусты направа, абадраў аб каравы пень на баку скуру і залапатаў капытамі ўніз, к рэчцы. Чорны.
2. перан. Разм. Тое, што і абабраць (у 2 знач.).
•••
Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку — адабраць усё начыста, аграбіць. Айда, мурзатыя, на працу! Што? Яны нас хутка абдзяруць, як ліпку! Лынькоў.
Абадраць як сідараву казу — абадраць, абабраць поўнасцю, цалкам. А Мікіцёнак учора каня купіў у Даўгінаве, але кульгавы, падла, і Мікіцёнак усунуў сорак рублёў цыгану, чорту лысаму. Абадралі як сідараву казу. Бядуля.
абажу́р, ‑а, м.
Каўпак, які надзяецца на лямпу, каб засцерагчы вочы ад моцнага святла або каб прыдаць святлу пэўную афарбоўку. На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. Колас.
[Фр. abat-jour.]
абажу́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненні да абажура. Абажурны шнур.
абазва́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. да абазваць.
абазва́цца, абзавуся, абзавешся, абзавецца; абзавёмся, абзавяцеся; зак.
Падаць голас; адазвацца, адгукнуцца, адклікнуцца; аддацца рэхам. Мужчына падняўся за сталом, абапёрся на яго абедзвюма рукамі і чакаў, пакуль хто з прысутных абзавецца на яго пытанне. Галавач. У падпечку заспяваў певень. Недзе за сцяною следам за ім абазваўся другі. Чорны. Гукні на лес, то і лес абзавецца. Прыказка. // Даць знаць пра сябе пісьмом ці якім іншым спосабам.
абазва́ць, абзаву, абзавеш, абзаве; абзавём, абзавяце; зак., каго.
Назваць непрыстойным або зневажальным імем; даць каму‑н. мянушку. [Палашка:] — Ён [дзед Аўсей] мяне за-а-ціркай абазваў. Лынькоў.