абадра́ць, абдзяру, абдзярэш, абдзярэ; абдзяром, абдзераце; зак., каго-што.

1. Здзерці з усіх бакоў, з усёй паверхні чаго‑н. верхні слой, пакрыццё і пад.; абдзерці. Абадраць кару. □ Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. // Падрапаць руку, твар і пад. Драпануў Вараны ў кусты направа, абадраў аб каравы пень на баку скуру і залапатаў капытамі ўніз, к рэчцы. Чорны.

2. перан. Разм. Тое, што і абабраць (у 2 знач.).

•••

Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку — адабраць усё начыста, аграбіць. Айда, мурзатыя, на працу! Што? Яны нас хутка абдзяруць, як ліпку! Лынькоў.

Абадраць як сідараву казу — абадраць, абабраць поўнасцю, цалкам. А Мікіцёнак учора каня купіў у Даўгінаве, але кульгавы, падла, і Мікіцёнак усунуў сорак рублёў цыгану, чорту лысаму. Абадралі як сідараву казу. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)