Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пахіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Хістаць некаторы час. Шаройка сеў каля стала, агледзеў хату, пахістаў кульгавы стол. Шамякін.

2. Тое, што і пахіснуць (у 2 знач.). Ворагу аказалася не пад сілу пахістаць дружбу савецкіх народаў. «Звязда».

пахі́стванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пахістваць.

пахі́ствацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Час ад часу, злёгку хістацца. Марат запіваў сыр малаком і пахістваўся, седзячы на кукішках. Васілевіч. Сцябліны чароту злёгку пахістваюцца. Гамолка.

пахі́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што або чым.

Час ад часу, злёгку хістаць. Вецер пахістваў дрэвы. Пахістваць галавой.

пахіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Абл. Паківаць. Кастусь адмоўна пахітаў галавою. — Не. Я разумею вас, пан Вежа. І я вам удзячны. Але тут справа больш складаная. Караткевіч.

пахітрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Хітраваць некаторы час. — Трэба ведаць, на што згаджацца, — Надзяй вырашыў, што ў яго становішчы не грэх пахітраваць. Шыцік.

пахітры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Хітрыць некаторы час. Выслухаўшы, каваль зашаптаў яму ў самае вуха: — Які ты нездагадлівы! Ты пахітры розумам. Чорны.

пахіхі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Хіхікаць некаторы час.

пахіхі́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Час ад часу хіхікаць.

па́хкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае моцны пах; пахучы. Мяне чакае цёплы сырадой у меднай конаўцы, луста пахкага, спечанага на дубовых лістах хлеба. Сачанка. Калі ўжо ехалі дрогкім бальшаком у фурманцы, набітай пахкім сенам, Паўлік засмяяўся: — А я цябе і павіншаваць забыўся. Б. Стральцоў.