пахаладзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць халодным, халаднейшым. Прыкметна пахаладзела паветра, Гарачун ахвотна падстаўляў твар пад яго струмені. Васілёнак.
2. перан. Анямець (ад жаху, страху і пад.). Васіль ад неспадзеўкі аж пахаладзеў: больш за ўсё не хацеў, баяўся сустрэцца з Грыбком, і на табе — твар у твар! Мележ. Аксінні Хвядосаўне стала страшна, яна ажно пахаладзела ўся: якога чалавека яна трымала побач з сваёй адзінай дачкой. Шамякін. / у безас. ужыв. Косця адчуў, як пахаладзела ў грудзях. Адамчык. У мяне аж пахаладзела ўсярэдзіне: няўжо дзядзька Пракоп дайшоў да такога? Сабаленка.
пахаладне́ць, ‑ее; зак.
Стаць халодным, халаднейшым. Падзьмуў халодны вецер; у Сырніцы стала свежа, здалося, што і пад нагамі пахаладнела вада. Пташнікаў. // безас. Зрабіцца халадней. [Сіўцоў:] — Глядзі ты, неба ў хмарах, пахаладнела, як бы снег не пайшоў... Краўчанка.
пахандры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Хандрыць некаторы час.
пахапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Узяць, схапіць усё, многае або ўсіх, многіх. [Дзяцел:] — Там ужо, мусіць, пабралі ўсё. Лепшыя кавалкі [зямлі] пахапалі. Мележ. [Міця] ужо чуў пра тых, расстраляных. Іх пахапалі з розных вёсак. Навуменка.
пахарашэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць прыгожым, прыгажэйшым. [Аленка] заметна падрасла і яшчэ пахарашэла, хоць і без таго была прыгожанькая дзяўчынка. Колас. [Зыбін:] — Горад за гэтыя два гады, што я не быў дома, яшчэ разросся, пахарашэў. Мележ.
пахарчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; зак.
Харчавацца некаторы час. Аднойчы на свінаферму прыходзіць дзік пахарчавацца, значыць, каля прыручаных сваякоў. Радкевіч.
пахарчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што.
Харчаваць некаторы час.
пахвала́, ‑ы, ж.
Добры водзыў, адабрэнне. — Вы добра чыталі, — пачуў Заранік дзявочы голас. — Дзякую за пахвалу. Чытаў, як мог. Хадкевіч. Цішка пачырванеў ад бацькавай пахвалы. Пальчэўскі.
пахвалі́цца, ‑хвалюся, ‑хвалішся, ‑хваліцца.
Зак. да хваліцца.
пахвалі́ць, ‑хвалю, ‑хваліш, ‑хваліць.
Зак. да хваліць.