Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цэнтралізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад цэнтралізаваць.

2. у знач. прым. Які мае цэнтральную дзяржаўную ўладу, сканцэнтраваны ў руках дзяржавы. Цэнтралізаваная ўлада. Цэнтралізаваная дзяржава.

3. у знач. прым. Які выходзіць з аднаго цэнтра (у 3 знач.). Цэнтралізаваная бухгалтэрыя. Цэнтралізаванае забеспячэнне.

цэнтралізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Сканцэнтравацца (сканцэнтроўвацца) у адным цэнтры, у адным месцы. Улада цэнтралізуецца.

2. толькі незак. Зал. да цэнтралізаваць.

цэнтралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Сканцэнтраваць (сканцэнтроўваць) у адным цэнтры; аб’яднаць (аб’ядноўваць) у адным месцы, у адных руках. Цэнтралізаваць кіраўніцтва.

цэнтраліза́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цэнтралізаваць і стан паводле знач. дзеясл. цэнтралізавацца. Цэнтралізацыя дзяржавы. Цэнтралізацыя зямель. Працэс цэнтралізацыі капіталу.

2. Кіраванне чым‑н. з адзінага цэнтра.

•••

Дыспетчарская цэнтралізацыя — сістэма кіравання стрэлкамі і святлафорамі на чыгуначных станцыях.

цэнтралі́зм, ‑у, м.

Сістэма кіравання ці арганізацыі, пры якой мясцовыя органы падпарадкаваны цэнтральнай упадзе, цэнтру (у 5 знач.). Цэнтралізм кіравання. Прынцып цэнтралізму.

•••

Дэмакратычны цэнтралізм — кіруючы прынцып арганізацыйнай будовы КПСС і Камуністычных партый, а таксама органаў дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый у СССР і сацыялістычных краінах, які азначае: выбарнасць усіх кіруючых органаў знізу даверху, справаздачнасць усіх органаў перад нізавымі арганізацыямі, строгую дысцыпліну і падпарадкаванне меншасці большасці, абавязковасць рашэнняў вышэйшых органаў для ніжэйшых.

цэнтра́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Разм. Паляўнічая стрэльба цэнтральнага бою. Тут жа вісела на сцяне дзедава цэнтралка-двухстволка. Ермаловіч.

2. Уст. Тое, што і цэнтрал. У першую нядзелю пасля нашага пераводу ў турму запрапанавалі праваслаўным пайсці ў царкву, якая таксама знаходзілася ў цэнтралцы. Мядзёлка.

цэнтра́ль, ‑і, ж.

Галоўная, цэнтральная магістраль. Электрычная цэнтраль. Ацяпляльная цэнтраль.

цэнтра́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цэнтральнага (у 2, 3 знач.).

цэнтра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цэнтрам (у 1 знач.). Цэнтральны пункт.

2. Які знаходзіцца, размешчаны ў сярэдзіне, у цэнтры (у 2 знач.). Цэнтральны пападаючы (у футболе). Цэнтральная пешка (у шахматнай гульні). // Які знаходзіцца не на ўскраіне, у цэнтры чаго‑н. Косця знайшоў вольны час, сабраў у брыгадзе ўсю пошту і паехаў на цэнтральную сядзібу. Адамчык.

3. Галоўны, кіруючы. Цэнтральны камітэт. Цэнтральная ўлада. □ Слава нашай Камуністычнай партыі і яе баявому штабу — Цэнтральнаму Камітэту! «Звязда». // Які аб’ядноўвае і каардынуе якую‑н. дзейнасць. Цэнтральны тэлеграф. Цэнтральная выбарчая камісія. // Асноўны, найбольш істотны; важны. Цэнтральны вобраз. Цэнтральная тэма.

4. Які прыводзіць у дзеянне, абслугоўвае ўсю сістэму. [Шура:] — Але справа ў тым, што я жыву ў доме з цэнтральным ацяпленнем і з газавай плітою. Васілёнак.

5. У матэматыцы — утвораны двума радыусамі якой‑н. акружнасці (пра вугал).

•••

Стрэльба цэнтральнага бою гл. стрэльба.

Цэнтральная нервовая сістэма гл. сістэма.

цэнтрапла́н, ‑а, м.

Спец. Сярэдняя частка крыла самалёта.

[Ад слова цэнтр і лац. planum — плоскасць.]