фантасты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць фантастычнага; наяўнасці, фантастыкі ў чым‑н. У паляўнічых шмат бывае прыгод, пра якія яны вельмі любяць расказваць. Часамі яны Заводзяць свой расказ да фантастычнасці. Ляўданскі.
фантасты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты фантастыкай (у 1 знач.), заснаваны на фантастыцы, на казачных матывах. Кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей. Чорны. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя .. да фантастычных жывёлін. Бядуля. Героі, кніг .. пабывалі ўжо і пад зямлёй, і на Месяцы, і на Марсе, і ў розных дзівосных краінах, і прыдумалі ўсе цудоўныя фантастычныя машыны і апараты. Якімовіч. Міхась Зарэмба марыў пра флоцкае жыццё, .. Янук заўсёды маляваў тушшу на яго грудзях фантастычныя якары і парусы. Асіпенка.
2. Які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы. Пра .. [Аню] хадзілі самыя фантастычныя чуткі. «Маладосць».
3. Які не грунтуецца на рэальных даных; неверагодны, нездзяйсняльны. Фантастычныя планы. □ [Мікола:] — Сцэнарый нам патрэбен дні праз тры. Так што выручайце. — Тэрміны фантастычныя. — Юнак зацягнуўся папяросай. Гаўрылкін. У Анінай галаве зноў пачалі ўзнікаць фантастычныя ідэі помсты Косцю. Карпюк.
4. Падобны на фантазію, чарадзейны, вычварны. Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Колас. Музыка перанесла .. [Банжына] ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад. Шыцік. Сіняватыя прамяні месяца асвятлялі .. [воблакі] нейкім фантастычным святлом. Новікаў. Самаробная «амуніцыя» некаторых падводных плыўцоў мае часам вельмі фантастычны выгляд. «Маладосць».
5. Разм. Незвычайны, звышнатуральны. Ганс Лемке быў не з палахлівага дзесятка, але тут яго апанаваў страх. Людзей з такой фантастычнай вытрымкай і адвагай перамагчы цяжка. Шахавец.
фанто́м, ‑а, м.
1. Кніжн. Прывід, здань.
2. Спец. Мадэль цела або яго часткі ў натуральную велічыню, якая служыць наглядным дапаможнікам.
[Фр. fantôme ад грэч. phantasma — прывід, здань.]
фанто́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фантома.
2. Спец. Уяўны, несапраўдны.
3. Спец. Штучна створаны, папярэдне не прадугледжаны. Фантомная схема ўключэння.
•••
Фантомны боль — адчуванне болю ў неіснуючых пасля ампутацыі канечнасцях.
фанфа́ра, ‑ы, ж.
1. Медны духавы музычны інструмент у выглядзе падоўжанай трубы без вентыляў (у 2 знач.).
2. Сігнал урачыстага характару, які падаецца гэтым інструментам і абвяшчае аб пачатку ўрачыстасцей.
•••
Трубіць у фанфары гл. трубіць.
[Іт. fanfara.]
фанфа́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фанфары; які выконваецца фанфарай. Фанфарны марш.
фанфаро́н, ‑а, м.
Разм. Самахвал, хвалько, выхваляка.
фанфаро́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Разм. Быць фанфаронам, хваліцца, выхваляцца.
фанфаро́нства, ‑а, н.
Разм. Паводзіны фанфарона, хвальба, выхвалянне.
фанфары́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Трубач, які выконвае фанфару (у 2 знач.). Восем фанфарыстаў, усе аднолькавыя, як браты-блізнюкі, стаяць шарэнгай з узнятымі трубамі... Ракітны.