фанта́зія, ‑і, ж.
1. Творчае ўяўленне. Паэтычная фантазія. Узлёт фантазіі. □ У пані Даміцэлі была багатая фантазія, і сваё даўнейшае жыццё ў Польшчы яна шчодра аздабляла паэтычнымі выдумкамі. Колас. Апора на народную традыцыю не азначае, што паэт абмяжоўвае ўласную, індывідуальную творчую фантазію. Навуменка. Народная фантазія акружыла паэтычнай выдумкай паходжанне скалы, што тырчыць з вады, пры выхадзе Ангары з Байкала. М. Стральцоў. // Выдумка, вынаходлівасць. [Алег:] — Дэкарацыя, касцюмы. Там [у спектаклі] шмат фантазіі, выдумкі. Ермаловіч. Малады запал знаходзіў выхад у размашыста накіданых фрэсках, вясёлкавых вітражах, з фантазіяй убранай зале. Ліс.
2. Прадукт чыйго‑н. уяўлення; мара. Спачатку гэта [скараціць рабочы дзень] здалося нават фантазіяй. Карпаў. Гэта не фантазія, а наша новая ява, рэчаіснасць нашага часу. Бялевіч. // Нешта неверагоднае, глупства. [Міхась:] — У рэстаран ты мяне ўсё роўна не пусціш.. [Стэфа:] — Я пушчу цябе ў інстытут! [Міхась:] — Усё гэта, залаценькая мая, фантазія. Савіцкі.
3. Разм. Нечаканы, незразумелы ўчынак; дзівацтва. [Бэсман:] — Загад Аб наступленні зараз на Барысаў — Фантазія штабных. Глебка.
4. Музычны твор свабоднай формы, імправізацыйнага характару. «Камарынская» — фантазія для аркестра на дзве рускія народныя тэмы: вясельную і вядомую «Камарынскую». «ЛіМ».
5. Літаратурны твор фантастычнага зместу. // Літаратурны твор, які з’яўляецца творчай перапрацоўкай якіх‑н. твораў.
[Грэч. phantasia — уяўленне.]
фанта́н, ‑а, м.
1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.
2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.
3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.
[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]
фантанава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фантанаваць.
фантанава́ць, ‑нуе; незак.
Спец.
1. Выбівацца на паверхню чаго‑н. у выглядзе фантана (у 1 знач.).
2. Мець здольнасць узнімаць, выкідваць на паверхню якую‑н. вадкасць у выглядзе фантана. Свідравіна фантануе.
фанта́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фантана (у 1, 3 знач.).
2. Спец. Які існуе ці здабываецца ў выглядзе фантана (у 1 знач.). Фантанная нафта.
фантасмагары́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які мае адносіны да фантасмагорыі; які з’яўляецца фантасмагорыяй. Народныя паданні паўстаюць з-пад пяра пісьменніка ў сваім чыстым выглядзе, без фантасмагарычных напластаванняў. Майхровіч.
фантасмаго́рыя, ‑і, ж.
Кніжн.
1. Прывіды, вычварныя малюнкі, што бачацца чалавеку ў хваравітым стане. // Нешта нерэальнае, што існуе толькі ў марах, ва ўяўленні.
2. Фантастычныя карціны, фігуры, якія атрымліваюцца з дапамогай розных аптычных прыстасаванняў.
[Ад грэч. phantasma — прывід, здань і agoreuō — гавару.]
фанта́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Чалавек з багата развітай фантазіяй. Ці ж можна сумнявацца ў тым, што хутка чалавек стане гаспадаром космасу, ажыццявіць самыя смелыя мары фантастаў усіх вякоў і народаў. «Звязда».
2. Фантазёр, летуценнік, які імкнецца здзейсніць фантастычныя мары, задумы. Гэта не сон летуценны, Не казка, Гэта не мроя старога фантаста. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль.
3. Пісьменнік, які выкарыстоўвае фантастычныя сюжэты. Пачакайце! Ды гэта ж .. кабіна «машыны часу», .. якая з лёгкай рукі Герберта Уэлса падарожнічае па старонках кніг многіх пісьменнікаў-фантастаў. Чаркасаў.
фанта́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да фантаст.