Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

фарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.

1. Пакрываць, насычаць фарбай, падвяргаць афарбоўцы. Фарбаваць падлогу. Фарбаваць тканіны. □ Дзяўчаты ў камбінезонах і ў спяцоўках паспешліва і любоўна фарбавалі асвятляльныя мачты. Карпаў. [Хлопчык:] — Глянь, хто гэта туды [на дах] узлез? Што ён робіць? [Маці:] — Маляр. Дах фарбуе, каб не цёк. Гарбук. // Надаваць колер, афарбоўку. Фарбуе сонца ліст асіны, а ў сэрцы радасць і вясна. Дзень добры, родная краіна! Дзень добры, Беларусь мая! Машара. Чырвоная прозалаць захаду фарбавала не толькі край неба, але і ўсё наваколле ў мяккі ружовы колер прадвесня. Сабаленка.

2. Разм. Пэцкаць (пра нетрывала, недабраякасна афарбаваныя рэчы).

3. Падмалёўваць сабе вусны, бровы і пад. Тамара не разумее: навошта фарбаваць вусны? Ермаловіч. // Перафарбоўваць у іншы колер. Фарбаваць валасы.

фа́рбавы, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да фарбы (у 1 знач.). Фарбавае спалучэнне.

2. Які вырабляе фарбы. Фарбавая прамысловасць.

фарбапу́льт, ‑а, М ‑льце, м.

Спец. Пнеўматычны апарат для распылення сціснутым паветрам фарбавальных саставаў пры малярных работах.

фарбацёр, ‑а, м.

1. Рабочы, які расцірае фарбу.

2. Таўкачык, якім расціраюць фарбу.

фарбацёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Машына, дошка або пасудзіна для расцірання фарбы.

фарбацёрны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для расцірання фарбы. Фарбацёрная машына.

фарбо́ўнік, ‑у, м.

Меданосная расліна сямейства крыжакветных, з лісця якой здабываюць фарбу.

фарва́тэр, ‑у, м.

Водны шлях для бяспечнага плавання суднаў, вызначаны сігнальнымі знакамі. Параходы ідуць вузкім фарватэрам, абмежаваным бакенамі. Лынькоў. // перан. Асноўная лінія, кірунак дзейнасці, творчасці і пад. [П. Броўка] з добрым эстэтычным густам наследуе традыцыю Маякоўскага, як і традыцыі іншых паэтаў, чыя творчасць знаходзіцца ў фарватэры савецкай паэзіі. Ярош.

[Гал. vaarwater ад varen — плаваць, рухацца і water — вада.]

фарва́тэрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фарватэру. Фарватэрная глыбіня. Фарватэрны шлях.

фарды́зм, ‑у, м.

Капіталістычная сістэма арганізацыі працы, заснаваная на стандартызацыі, тыпізацыі і канвеерызацыі вытворчасці з мэтай максімальнай эксплуатацыі рабочых.

[Ад уласн. імя.]