Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

фармалі́зм, ‑у, м.

1. У філасофіі — уласцівы разнастайным відам ідэалізму адрыў формы ад зместу.

2. У мастацтве — напрамак 19 — пачатку 20 стст., які ў суцрацьлегласць рэалізму адрываў мастацтва ад сацыяльна-гістарычнай глебы і надаваў асноўнае значэнне форме. Рэвалюцыйная літаратура ў тую пару была яшчэ вельмі слабай, ёй не хапала сіл, каб даць адпор фармалізму і эстэцтву. Гіст. бел. сав. літ.

3. Фармальнае стаўленне да чаго‑н. на шкоду сутнасці справы. [Сакратар:] — Павінна нарадзіцца ідэя руху ўдарнікаў. Ды асцярожна, разумна, не патапіце гэту важнейшую справу ў фармалізме. Лобан. Шамякін з усёй рашучасцю сцвярджае, што бяздушны фармалізм, казёншчына вытручваюць з чалавека ўсё жывое. Кучар.

фармалі́н, ‑у, м.

Раствор фармальдэгіду з едкім удушлівым пахам як сродак для дэзінфекцыі.

фармалі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фармаліну. Фармалінавы раствор.

фармалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Той, хто фармальна, на шкоду справе, адносіцца да чаго‑н. [Шыковіч:] — І гэтыя дакументы вы баяліся паказаць мне? Ва ўсіх інстанцыях узгаднілі? Фармалісты! Шамякін.

2. Паслядоўнік фармалізму (у 1, 2 знач.).

фармалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фармаліст.

фармалі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Разм.

1. Фармальныя адносіны да справы.

2. Прытрымліванне фармальнасцей у якой‑н. справе.

3. Схільнасць да знешняй формы (у навуцы, мастацтве).

фармалісты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фармалістычнага. Фармалістычнасць спектакля.

фармалісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Пранікнуты фармалізмам (у 3 знач.). Фармалістычны падыход да справы.

2. Які мае адносіны да фармалізму, уласцівы фармалізму (у 1, 2 знач.). Захапленне імажынізмам было адным з праяўленняў некрытычнага ўспрымання фармалістычных уплываў. Гіст. бел. сав. літ. Цішка Гартны правільна адкідаў фармалістычныя элементы ў мастацкіх пошуках пралетарскіх паэтаў. Конан. // Створаны ў духу фармалізму (пра творы мастацтва). Фармалістычныя п’есы.

фармалі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы фармалізму, фармалісту. Фармалісцкі аналіз. Фармалісцкі твор.

фармальдэгі́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Бясколерны газ з рэзкім пахам, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці пластмас, смол, лекавых рэчываў, у папяровай і тэкстыльнай прамысловасці.

[Ад лац. formica — мурашка і aldehydus — альдэгід.]