Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ачы́сціцца, ачышчуся, ачысцішся, ачысціцца; зак.

1. Стаць чыстым па саставу, пазбавіцца ад чужародных прымесей, бруду. // Стаць свежым, свяжэйшым (пра паветра). // перан. Стаць чыстым у маральных адносінах; пазбавіцца чаго‑н. заганнага. Калі ж чалавек не мог канчаткова ачысціцца ад усяго заганнага, жыццё цяжка помсціла за гэта, скіроўвала на непажаданую дарогу. Хромчанка.

2. Стаць вольным ад наяўнасці каго‑, чаго‑н.; пазбавіцца чаго‑н. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар і было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Шамякін. Раніцай падзьмуў вецер, разагнаў туман, і ля Карскіх Варот мора амаль зусім ачысцілася ад ільдоў. Бяганская.

ачы́сціць, ачышчу, ачысціш, ачысціць; зак., што ад чаго.

1. Зрабіць чыстым, выдаліўшы бруд, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Верабей ачысціў гняздо ад бруду, смецця, нанасіў свежага пуху. Пальчэўскі. // Зрабіць чыстым па саставу, вызваліць ад чужародных прымесей. Ачысціць спірт. Ачысціць паветра. // перан. Вызваліць, пазбавіць ад чаго‑н. пабочнага, непатрэбнага, шкоднага. // перан. Зрабіць чыстым у маральных адносінах. Ачысціць сумленне.

2. Зняць, абскрэбці, аблупіць. Наглядаючы за ўдалымі рухамі Маіных рук, Сцяпан прыйшоў да думкі: каб ёй падаваць рыбу на стол, то яна ачысціла б за добрых двесяцярых. Дуброўскі.

3. Прыбраць, вынесці адкуль‑н. усё лішняе, непатрэбнае. [Стафанковіч:] — Млын закідан рыштункам і плашкамі на дровы. Трэба ачысціць. Чорны.

4. Вызваліць ад прысутнасці каго‑, чаго‑н. варожага, непажаданага. Зону зноў ачысцілі ад акупантаў, у вёсках устанавілі партызанскія гарнізоны і камендатуры. Няхай. // Пакінуць што‑н., вызваліць ад сваёй прысутнасці. Пляцінскі на хвіліну прыпыніўся, спыніў за рукаў Зынгу і грозна заявіў: — Заўтра ж ачысці мне кватэру. Чорны.

5. Разм. груб. З’еўшы ўсё, дачыста, зрабіць пустым, чыстым (пасудзіну і пад.). Ачысціць талерку баршчу.

6. Разм. Абакрасці. Ачысціць кішэні. □ Патруцілі [зладзеі] сабак і ачысцілі камору і свіран. Чарнышэвіч.

ачышча́льнік, ‑а, м.

Спец. Прыбор, прыстасаванне, рэчыва для ачысткі чаго‑н.

ачышча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для ачысткі чаго‑н. Ачышчальная машына.

2. перан. Які прыносіць дараванне, ачышчэнне. За актам ачышчальнай помсты пачалося канчатковае прасвятленне Тварыцкага. Перкін.

ачы́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ачысціць.

ачышча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ачысціцца.

2. Зал. да ачышчаць.

ачышча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ачысціць.

ачышчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ачышчаць — ачысціць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. ачышчацца — ачысціцца.

ачэ́п, ‑а, м.

Верхняе бервяно ў прадоўжнай сцяне пабудовы, на якое ставяцца кроквы.

ачэ́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ачапіць.