Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

факі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факіра; уласцівы факіру.

факі́рства, ‑а, н.

Дзейнасць факіра.

факсі́міле,

1. нескл., н. Дакладнае ўзнаўленне рукапісу, дакумента, подпісу і пад. пры дапамозе фотамеханічнай рэпрадукцыі.

2. нескл., н. Клішэ, пячатка з чыім‑н. подпісам.

3. у знач. нескл. прым. і прысл. Дакладна ўзноўлены, у дакладнай рэпрадукцыі. Подпіс факсіміле. Выдаць рукапіс факсіміле.

[Ад лац. fac simile — рабі падобнае.]

факсі́мільны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факсіміле (у 1 знач.). // Які з’яўляецца факсіміле. Факсімільнае выданне рукапісаў. // Які ўзнаўляе факсіміле. Факсімільны апарат.

факстро́т, ‑а, М ‑роце, м.

Хуткі рытмічны танец чатырохдольнага размеру, а таксама музыка да гэтага танца. [Люба] закружылася па пакойчыку не то ў нейкім вальсе, не то ў факстроце. Лынькоў. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначнікаў. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.

[Англ. fox — ліс і trot — хуткі крок.]

факстро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факстрота. Факстротная музыка.

факт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты. Рамановіч. // Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова. Мікуліч. Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў. Паслядовіч. Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі. Кулакоўскі.

2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам. Чорны. // Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Колас. / у знач. вык. Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт. Хадкевіч. [Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт. Ермаловіч.

3. у знач. сцвярджальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт! Каршукоў.

[Ад лац. factum — зробленае.]

фактаграфі́чнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць фактаграфічнага. Фактаграфічнасць рамана.

фактаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Заснаваны на фактаграфіі, на апісанні фактаў без іх аналізу.

фактагра́фія, ‑і, ж.

Кніжн. Апісанне фактаў без іх аналізу, абагульнення.

[Ад лац. factum — зробленае і грэч. graphō — пішу.]