фа́ктар, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Момант, істотныя абставіны ў якім‑н. працэсе, з’яве. Кожная сцэна служыць асноўнай задачы: яна дапамагае раскрыць унутраны, маральны фактар бітвы праз псіхалогію воінаў. Дзюбайла. [Палкоўнік:] — Нечаканасць — вельмі важны фактар у баі. Новікаў.
2. ‑а. Уст. Пасрэднік, камісіянер. Аканомам хлопца прызначаць было рана, і таму пан зрабіў яго чымсьці накшталт фактара і перакупшчыка, з пенсіяй трыццаць рублёў месячныя ды яшчэ з панскім жыллём, вопраткай і ежай. Караткевіч.
3. ‑а. Уст. Кіраўнік тэхнічнай часткі друкарні, які ажыццяўляе сувязь друкарні з яе кліентамі. Калі выдавец увайшоў у друкарню, дык наборшчыкі пачалі пырскаць і фыркаць. Фактар растлумачыў іх весялосць, прызнаўшыся яму, што наборшчыкі паміралі са смеху, набіраючы яго кнігу. Клімковіч.
[Лац. factor — які робіць, стварае што‑н.]
фа́ктарскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да фактара (у 2, 3 знач.). Фактарская пасада.
фа́ктарства, ‑а, н.
Уст. Занятак, пасада фактара (у 2, 3 знач.). Зарабляць грошы фактарствам.
факто́граф, ‑а, м.
Той, хто апісвае факты, не аналізуючы іх. Нават пры апісанні рэальнага выпадку пісьменнікі не застаюцца простымі фактографамі. Пшыркоў.
факто́рыя, ‑і, ж.
1. Гандлёвая кантора і пасяленне еўрапейскіх купцоў у каланіяльных краінах. Засталіся руіны рымскіх крэпасцей і грэчаскіх факторый, астаткі старадаўніх паселішчаў. Самуйлёнак.
2. Пункт, які займаецца закупам прадметаў промыслу і гандлем у аддаленых прамысловых раёнах. Факторыя — гэта вялікі магазін, куды паляўнічыя прывозяць пушніну і дзе атрымліваюць за яе розныя тавары і грошы. Бяганская.
[Англ. factory.]
факту́ра 1, ‑ы, ж.
Спец.
1. Своеасаблівая якасць апрацоўкі матэрыялу, яго паверхні. Фактура мармуру. Фактура сукна. □ Сучасная тэхналогія дае магчымасць вырабляць керамічныя дэталі самых розных памераў, рознага колеру, рознай фактуры. «Маладосць».
2. Своеасаблівасць мастацкай тэхнікі ў творах мастацтва. У вобразнай фактуры .. вершаў [А. Дудара] таксама шмат агульнага з ясенінскімі. «ЛіМ». Моўная фактура гэтага твора [«Сокі цаліны»] наглядна паказвае стан распрацаванасці стылю прозы ў той час. Навуменка. Нельга не адзначыць яшчэ адну асаблівасць фільма — яго амаль дакументальную фактуру. «ЛіМ».
[Лац. factura — апрацоўка, будова.]
факту́ра 2, ‑ы, ж.
Спец. Рахунак з вопісам адпраўленага тавару. [Усевалад:] — Колькі траціцца разумнага чалавечага часу на гэтую бяздушную работу. Фактуры, накладныя, нарады, даведкі, ведамасці, ліміткі, акты... Скрыган.
[Лац. factura — апрацоўка, будова.]
факту́рны 1, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае адносіны да фактуры 1 (у 2 знач.). Фактурны жывапіс карціны.
2. Які мае ярка выражаную фактуру 1 (у 1 знач.). Фактурная афарбоўка фанеры.
факту́рны 2, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які з’яўляецца фактурай 2. Фактурная кніга.
фа́ктыс, ‑у, м.
Спец. Прадукт, які атрымліваецца з алеяў і ў злучэнні з серай выкарыстоўваецца для змякчэння каўчуку.
[Фр. factise — штучны.]
факты́чнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Верагоднасць, насычанасць фактамі.
факты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да факта (у 1, 2 знач.); які адпавядае фактам; сапраўдны. Фактычных доказаў на Тварыцкага не было: у той час ён, як і заўсёды, быў дома, нікуды .. не адыходзіў. Чорны. Сустракаюцца ў кнізе і фактычныя памылкі і недакладнасці. Шкраба. // Які існуе ў наяўнасці, але не ўзаконены юрыдычна. Фактычныя шлюбныя адносіны. □ Цяжка ўразіла ўсіх вестка аб арышце Багуцкага, фактычнага кіраўніка ўсіх дыверсій на чыгунцы. Лынькоў.