уязны́, ‑ая, ‑ое.
Які служыць, прызначаны для ўезду. Уязныя вароты. □ Асталіся руіны касцельнай вежы, захаваліся ўязная брама і фасадная частка кляштара. «Помнікі».
уя́лавець, ‑ее; зак.
Разм. Зарасці пустазеллем, травой (пра зямлю, поле). За тры гады зямля ўялавела, але палянка вельмі прыдалася, каб на ёй слаць лён. Крапіва.
уясне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уясняць — уясніць.
уясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што або з дадан. сказам.
Зрабіць ясным, зразумелым для сябе. Вялічка ўспомніў, што ён, калі быў яшчэ ў забыцці, чуў гэты шэпт, але не мог уясніць сабе яго як сапраўднасць. Чорны. Зачэпа прадаўжаў: — Мне здаецца, што вы добра ўяснілі, што галоўны наш вораг багатыя — цар, міністр, губернатар, пан. Асіпенка.
уясня́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да уясніцца.
2. Зал. да уясняць.
уясня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да уясніць.
уяўле́нне, ‑я, н.
1. Стварэнне ў думках вобраза каго‑, чаго‑н.; узнаўленне ў свядомасці атрыманых раней успрыманняў. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любога чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган. У.. [Раманавым] уяўленні пачалі ўставаць малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны. Колас. // Канкрэтны вобраз прадмета ці з’явы, які раней уздзейнічаў на органы пачуццяў, але ў гэты момант непасрэдна не ўспрымаецца свядомасцю. Зрокавыя ўяўленні. Слыхавыя ўяўленні.
2. Псіхічны працэс, які заключаецца ў стварэнні новых вобразаў на аснове ўжо наяўных шляхам іх пераўтварэння. // Творчая фантазія. Уяўленне мастака.
3. Разуменне, веданне чаго‑н., заснаванае на вопыце. Ужо да вечара, агледзеўшы гаспадарку, новы старшыня меў ўяўленне аб яе моцных і слабых баках. Барашка. Рост самасвядомасці героя адбываецца па меры таго, як ён настойліва пераасэнсоўвае свае ранейшыя ўяўленні аб грамадстве. Луфераў.
уя́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уявіць.
уяўля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да уявіцца.
2. Зал. да уяўляць.