фа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.
1. Прамысловае прадпрыемства, якое апрацоўвае сыравіну пры дапамозе машын і для якога характэрны падзел працы па аперацыях. Тэкстыльная фабрыка. Абутковая фабрыка. □ Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк — разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Купала. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі. Караткевіч.
2. перан.; чаго. Пра месца, дзе што‑н. ствараецца ў вялікай колькасці. Фабрыка хлусні. □ [Васіль:] — Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы .. стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Шамякін. Фашысцкай навалы і фабрык смерці Ты, малады чытач, не ведаеш І не трэба, каб іх ты ведаў. Кірэенка.
[Ад лац. fabrica — майстэрня.]
фабрыкава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фабрыкаваць.
фабрыкава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад фабрыкаваць.
фабрыкава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да фабрыкаваць.
фабрыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.
1. Уст. Рабіць што‑н. фабрычным спосабам.
2. перан. Разм. Рабіць і распаўсюджваць што‑н. ілжывае, фальшывае. Фабрыкаваць плёткі. Фабрыкаваць фальшывыя дакументы.
фабрыка́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Капіталіст — уладальнік фабрыкі (у 1 знач.). Цар і царскія міністры, фабрыкант, банкір і пан Забіралі ўсё дачыста У рабочых і сялян. Грахоўскі.
2. перан.; чаго. Іран. Той, хто фабрыкуе што‑н.; стваральнік і распаўсюджвальнік чаго‑н. Фабрыкант маны і розных чутак.
[Лац. fabricans, fabricantis.]
фабрыка́нціха, ‑і, ДМ ‑цісе, ж.
Разм. Жонка фабрыканта (у 1 знач.).
фабрыка́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фабрыканта (у 1 знач.), належыць фабрыканту. Фабрыканцкі разлік.
фабрыка́т, ‑у, М ‑каце, м.
Гатовы фабрычны выраб, закончаны прадукт вытворчасці. Тэкстыльныя фабрыкаты.
[Ад лац. fabricatus — выраблены.]
фабрыка́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фабрыкаваць.
[Ад лац. fabricatio — выраб.]