уяўля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да уявіцца.
2. Зал. да уяўляць.
уяўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да уявіць.
уя́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць уяўнага (у 1 знач.). [Тася:] — У думках — нібы кінакадры з твайго жыцця: мы разам, працуем, чытаем кнігі, у нас хлопчык! Абарвеш гэтую ўяўнасць, і такая горыч... Гарбук.
уя́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе не ў сапраўднасці, а ва ўяўленні. Уяўная небяспека. □ [Рахункавод] здзьмухнуў са стала ўяўны пыл. Пянкрат. Паслужыўшы арганістам, ён [бацька] нагледзеўся на жыццё ксяндзоў, на іх уяўную святасць і стаў перакананым атэістам. Мядзёлка. І ні разу.. [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.
2. Які толькі ўяўляецца; тэарэтычна мажлівы, патэнцыяльны. Уяўная лінія. □ Для Вабейкі ж уяўны прыезд брата быў важны козыр, каб вытлумачыць, каму трэба, чаму ён надумаў будаваць дом у Лашычах. Хадкевіч.
•••
Уяўны лік гл. лік.
ў 1,
1. Дваццаць другая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «у нескладовае».
2. Санорны плаўны губна-губны гук; пазіцыйна чаргуецца з «у».
ў 2, прыназ. з Р, В і М.
Ужываецца замест прыназоўніка «у» пасля слоў, якія канчаюцца на галосную, пасля якой няма знака прыпынку. Хлопчыкі, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. [Лабановіч:] — Добрае ў цябе сэрца, бабка Параска. Бачу, што ты мяне шкадуеш, як родная маці. Колас. Я ў мастацкім агародзе Толькі марная трава. А якая? — смех, дый годзе: Я — пякучка-крапіва. Крапіва.
ф,
1. Дваццаць трэцяя літара беларускага алфавіта, якая мае назву «эф» і ўжываецца пераважна ў словах іншамоўнага паходжання.
2. Глухі, губна-зубны, шчылінны зычны гук.
фа, нескл., н.
Чацвёрты гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.
[Іт. fa.]
фаб...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «фабрычны», напрыклад: фабком, фабзаўком.
фабза́вуч, ‑а, м.
Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры прадпрыемстве, якая рыхтуе рабочых масавых прафесій. [Ігнат Ладуцька] працаваў на вялікім станкабудаўнічым заводзе, дзе раней скончыў фабзавуч. Лынькоў.
фабза́вучнік, ‑а, м.
Разм. Вучань школы фабрычна-заводскага вучнёўства.