уяўленне, ‑я, н.

1. Стварэнне ў думках вобраза каго‑, чаго‑н.; узнаўленне ў свядомасці атрыманых раней успрыманняў. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любога чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган. У.. [Раманавым] уяўленні пачалі ўставаць малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны. Колас. // Канкрэтны вобраз прадмета ці з’явы, які раней уздзейнічаў на органы пачуццяў, але ў гэты момант непасрэдна не ўспрымаецца свядомасцю. Зрокавыя ўяўленні. Слыхавыя ўяўленні.

2. Псіхічны працэс, які заключаецца ў стварэнні новых вобразаў на аснове ўжо наяўных шляхам іх пераўтварэння. // Творчая фантазія. Уяўленне мастака.

3. Разуменне, веданне чаго‑н., заснаванае на вопыце. Ужо да вечара, агледзеўшы гаспадарку, новы старшыня меў ўяўленне аб яе моцных і слабых баках. Барашка. Рост самасвядомасці героя адбываецца па меры таго, як ён настойліва пераасэнсоўвае свае ранейшыя ўяўленні аб грамадстве. Луфераў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)