Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цэнзу́ра, ‑ы, ж.

1. У старажытным Рыме — пасада цэнзара (у 1 знач.).

2. У капіталістычных краінах — нагляд за друкам, за зместам друкаваных твораў, пастаноўкай п’ес, кінафільмаў і пад. Царская цэнзура. Ваенная цэнзура. □ Усе газеты і пісьмы, адрасаваныя палітычным вязням у Лукішках, праходзілі строгую пракурорскую цэнзуру. Машара. Штораз часцей на старонках «Нашай нівы» белыя плямы: цэнзура лютуе. Мядзёлка. // Установа, якая ажыццяўляе такі пагляд. Друкаваўся Максім Танк і ў легальным камуністычным «Часопісе для ўсіх», які зноў жа быў забаронен цэнзурай на першым нумары. Бугаёў.

3. Прагляд твораў, якія прызначаюцца да друку, да пастаноўкі ў тэатры, або прагляд якой‑н. карэспандэнцыі, што ажыццяўляецца дзяржаўнай установай.

[Лац. censura.]

цэнзурава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да цэнзураваць.

цэнзурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Падвяргаць цэнзуры (у 2 знач.). Цэнзураваў .. [Печка] і тыя пакеты, і стандартныя бланкі для пісьмаў. Брыль.

цэнзу́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цэнзурнага (у 2 знач.).

цэнзу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэнзуры (у 2, 3 знач.). Цэнзурны нагляд. □ 80‑я гады мінулага стагоддзя былі гадамі жорсткай рэакцыі і лютых цэнзурных ганенняў. «Полымя».

2. Які адпавядае патрабаванням цэнзуры (у 2 знач.). Цэнзурныя матэрыялы. // Прыстойны. А ў другім канцы вуліцы два хлапецкія галасы «гарланілі» не зусім цэнзурныя прыпеўкі. Шамякін.

цэ́ннасць, ‑і, ж.

Выражаная ў грашовых адзінках вартасць чаго‑н.; цана. Пасылка з аб’яўленай цэннасцю.

цэ́ннік, ‑а, м.

Даведнік па цэнах, расцэнках на што‑н.; прэйскурант. — У вас ёсць які цэннік, каб устанавіць цэны на .. абсталяванне? Дубоўка.

цэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Каштоўны. Цэнныя паперы. Цэнная пасылка.

цэнт 1, ‑а, М ‑нце, м.

Дробная манета ў ЗША, Канадзе, Нідэрландах і шэрагу іншых краін, роўная адной сотай грашовай адзінкі (долара, гульдэна). Нік хадзіў поблізу на пляжы, прымаў заказы, збіраў заробленыя цэнты. Лынькоў.

[Англ. cent.]

цэнт 2, ‑а, М ‑нце, м.

У акустыцы — адзінка частотнага інтэрвалу, роўная 1/1200 актавы.

[Ад лац. centum — сто.]

цэнта́ўр, ‑а, м.

Уст. Тое, што і кентаўр.