цэме́нт, ‑у, М ‑нце, м.
1. Мінеральнае парашкападобнае рэчыва, здольнае ўтвараць з вадой аднародную масу, якая з цягам часу ператвараецца ў каменепадобнае цела; ужываецца ў вытворчасці бетону і будаўнічых раствораў. Назаўтра, ні свет ні зара, прыбыла баржа са шлакам, цэментам, цвікамі. Мыслівец.
2. Касцявая тканка, якая пакрывае корань і шыйку зуба.
3. перан. Разм. Тое, што злучае, аб’ядноўвае каго‑, што‑н. [Шаманскі] глядзеў на закураных пылам, абсыпаных кастрою жанчын і думаў, што трэба заваяваць іх давер’е, той цэмент, без якога нельга ўмацаваць, з’яднаць калектыў. Дуброўскі.
[Ад лац. caementum — друз.]
цэментава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, служыць для цэментавання, цэментацыі. Цэментавальны агрэгат. Цэментавальны састаў.
цэментава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. цэментаваць (у 1 знач.).
цэментава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад цэментаваць.
2. у знач. прым. Пакрыты, змацаваны цэментам, зроблены з цэменту. Цэментаваная падлога. Цэментаваная дарожка. □ Стаяў .. [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія цэментаваныя ўсходкі. Шамякін.
3. у знач. прым. Спец. Падвергнуты цэментаванню. Цэментаваная шчыліна.
цэментава́цца, ‑туецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) цэментаваным (у 2, 3 знач.).
2. толькі незак. Зал. да цэментаваць.
цэментава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго-што.
1. Накрыць (пакрываць), змацаваць (змацоўваць) цэментам. Цэментаваць склеп. Цэментаваць дарожкі. // перан. Згуртаваць (гуртаваць), з’яднаць (яднаць). Жменька членаў партыі цэментавала вакол сябе астатнюю масу, вяла яе да новага жыцця. «ЛіМ».
2. Спец. Падвергнуць (падвяргаць) цэментацыі. Цэментаваць сталь.
цэментаво́з, ‑а, м.
Транспартны сродак для перавозкі насыпнога цэменту.
цэме́нтавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цэменту; звязаны з вырабам цэменту. Цэментавы склад. Цэментавая печ.
2. Зроблены з цэменту; у склад якога ўваходзіць цемені. Хатка над балотамі стаіць на нізкім цэментавым падмурку. Колас. Пячнік кельняй размешваў у карыце цэментавы раствор і насвістваў песеньку. Лобан. // Пакрыты, змацаваны цэментам. Валодзька затушыў цыгарку аб цэментавае перакрыцце, што адкрылася паміж дошак узарванай падлогі. Радкевіч.
цэментацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які служыць, прызначаецца для цэментацыі (у 1, 2 знач.). Цэментацыйная печ.
цэмента́цыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Спосаб умацавання грунтаў, бетонных кладак і пад. увядзеннем у іх пад ціскам вадкага цэментнага раствору. Цэментацыя шчылін у грунце.
2. Насычэнне паверхневых слаёў сталі вугляродам для павелічэння іх цвёрдасці.
3. Працэс здабывання металаў з раствораў хімічным аднаўленнем больш электраадмоўнымі металамі.