Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

атэстава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да атэставаць.

атэстава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго-што.

1. Даць (даваць) водгук, характарыстыку. — Разумны! — з павагай атэстуе .. [Насця] парторга. Васілевіч.

2. Прысвоіць (прысвойваць) званне каму‑н. Кансерваторыю закончыў Агафон Па класу, як гаворыцца, вакала. — Выдатны барытон! — Камісія яго атэставала. Валасевіч.

•••

Атэставаць сябе — паказаць (паказваць) сябе з якога‑н. боку.

атэста́т, ‑а, М ‑таце, м.

1. Афіцыйны дакумент аб сканчэнні навучальнай установы. [Генадзій:] Атэстат магу прадставіць, а наконт сталасці мяркуйце самі. Крапіва. // Пасведчанне аб прысваенні вучонага або спецыяльнага звання. Атэстат прафесара. Атэстат старшага навуковага супрацоўніка. Атэстат майстра сельскагаспадарчай вытворчасці.

2. Дакумент на права атрымання ваеннаслужачымі грашовага, харчовага і інш. забеспячэння, а таксама дакумент, па якім утрыманец ваеннаслужачага атрымлівае частку яго грашовага забеспячэння. Харчовы, грашовы атэстат.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пасведчанне аб праходжанні службы, якое выдавалася пры адстаўцы.

4. Дакумент, які пацвярджае пародзістасць свойскай жывёлы.

•••

Атэстат сталасці — пасведчанне аб заканчэнні сярэдняй агульнаадукацыйнай школы (у дарэвалюцыйнай Расіі — мужчынскай гімназіі).

атэстацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да атэстацыі. Атэстацыйная камісія. Атэстацыйнае пасведчанне.

атэста́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. атэставаць.

2. Ацэнка, водгук, характарыстыка, якая даецца каму‑, чаму‑н. Лемяшэвіч не захацеў больш выслухоўваць атэстацыі людзей, якіх ён не ведаў, з якімі ні разу не сустракаўся. Шамякін.

[Лац. attestatio.]

ау́л, ‑а, м.

Паселішча на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Грузінка, і сонца, і снежныя горы, Віно вінаграднае, месяц і зоры, Шчаслівыя сонечна саклі, аулы... О, колькі прастору для думкі чулай! Купала.

ау́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аула. Аульны савет.

а́ўгіеў, ‑ева.

У выразе: аўгіевы стайні гл. стайня.

[Ад імя легендарнага цара старажытнагрэчаскай міфалогіі Аўгія.]

аўгу́р, ‑а, м.

1. У Старажытным Рыме — жрэц, які тлумачыў уяўную волю багоў па шчабятанню і палёце птушак.

2. Іран. Пра таго, хто свае спецыяльныя веды ператварае ў тайну, хто робіць выгляд, што ведае асаблівыя тайны.

[Лац. augur.]

аўдаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў удаўцом (удавой). Аўдавелы мужчына.