пасячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. пасек, ‑секла; заг. пасячы; зак.
1. што. Высечы, ссячы ўсё, многае. Слухаў ён [дыверсант], сам з сабой размаўляў, як п’яны: «Я вярнуся на гэту зямлю. Пасяку ўсе сады, папалю ўсе млыны, Хаты чорным агнём спапялю...» Куляшоў.
2. каго-што. Рассячы па кавалкі, падрабніць што‑н. Пасячы дровы. Пасячы мяса на катлеты. □ [Яніна:] Хоць на кавалкі пасячыце мяне, усё адно не пайду за нялюбага! Козел.
3. каго. Засячы, забіць усіх, многіх якой‑н. халоднай зброяй. Пасячы ворага шаблямі.
4. што. Параніць якую‑н. частку цела сякерай, секачом і пад. [Таццяна:] — Глядзі, дзетка маё, асцярожненька махай сякерай. Не дай бог, яшчэ нагу пасячэш. Асіпенка. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. Можа б Клім пасек бы падлогу і пабіў увесь посуд у хаце, каб урэшце не схапілі яго за рукі мужчыны. Ермаловіч. Андрэй плюнуў: «Пякло ўсё лета, як на скаварадзе сядзелі, а тут — град. Пасек усё на свеце. Дабіў недзе і на полі тое, што яшчэ асталося, не згарэла за лета». Пташнікаў.
5. што, чаго і без дап. Сячы некаторы час.
пасячы́ся, ‑сячэцца; ‑сякуцца; пр. пасекся, ‑секлася; зак.
1. Рассячыся на кавалкі, падрабніцца. Бацвінне лёгка пасеклася.
2. Стаўшы сухім, расшчапіцца і абламацца на канцах (пра валасы).
пат 1, ‑а, М паце, м.
Становішча ў шахматнай гульні, калі ігрок не можа зрабіць чарговага ходу, не падставіўшы пад удар свайго караля, і калі партыя лічыцца нічыёй.
[Фр. pat.]
пат 2, ‑у, М паце, м.
Сорт пасцілы.
•••
Жамчужны пат — густая маса серабрыстага колеру, знешне падобная на перламутр, якая прымяняецца для пакрыцця паперы, шкляных пацерак і інш.
[Ад фр. pâte — цеста.]
патава́ць, патую, патуеш, патуе; незак., што.
У шахматнай гульні — ставіць у пазіцыю пата 1. Патаваць караля.
па́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пата 1. Патавае становішча.
патагене́з, ‑у, м.
Спец. Паслядоўнасць узнікнення і развіцця ў арганізме якога‑н. паталагічнага працэсу ці хваробы ў цэлым, а таксама раздзел паталогіі, які вывучае гэты працэс.
[Ад грэч. páthos — хвароба і genesis — паходжанне, нараджэнне.]
патагене́зіс, ‑у, м.
Спец. Тое, што і патагенез.
патагенеты́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да патагенезу.
патаге́нны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Хваробны, хваробатворны. Патагенныя бактэрыі.
[Ад грэч. páthos — хвароба і gennao — раблю.]
патаго́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае ўзмоцненае выдзяленне поту. Патагонныя сродкі. // у знач. наз. патаго́ннае, ‑ага, н. Сродак, лякарства, якія выклікаюць ўзмоцненае выдзяленне поту. Прапісаць патагоннае. Выпіць патагоннае.
2. перан. Які надта стамляе, вымотвае ўсе сілы. Патагонная сістэма працы.