су́кравіца, ‑ы, ж.
Жаўтаватая вадкасць з дамешкай крыві, якая выдзяляецца з пашкоджаных тканак і поласцей цела. З раны на галаве нават і цяпер яшчэ сачылася сукравіца. Машара.
су́кравічны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сукравіцы. Сукравічныя выдзяленні.
сукры́стасць, ‑і, ж.
Абл. Уласцівасць сукрыстага.
сукры́сты, ‑ая, ‑ае.
Абл. Кучаравы. У сына чорныя сукрыстыя валасы. Галавач.
сукуле́нты, ‑аў; адз. сукулент, ‑у, М ‑нце, м.
Шматгадовыя расліны з тоўстым сакавітым лісцем або сцёбламі, што ўтрымліваюць шмат вады і слізі.
[Лац. succulentus — сакавіты.]
суку́пнасць, ‑і, ж.
Спалучэнне, агульная колькасць, сума чаго‑н. Мова замацоўвае кожную думку паасобку і ўсю сукупнасць думак чалавека. Юрэвіч. Колькасць запазычанай лексікі і яе характар залежаць перш за ўсё ад сукупнасці фактараў гістарычнага, культурнага і сацыяльна-эканамічнага парадку. Жураўскі.
суку́пны, ‑ая, ‑ае.
Аб’яднаны, сумесны, агульны. Сукупныя намаганні.
•••
Сукупны грамадскі прадукт гл. прадукт.
сула́ддзе, ‑я, н.
Тое, што і суладнасць. [Песняру] ўласцівы і другія традыцыйныя рысы рамантычнага героя — адзіноцтва і поўнае суладдзе яго жыцця з жыццём прыроды. Каваленка.
сула́джанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць суладжанага. [Паўлюк Трус] даводзіў радкі да самага строгага гучання, да поўнае суладжанасці зместу з формай. Лужанін.
сула́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад суладзіць.
2. у знач. прым. Стройны, узгоднены; гарманічны. Школьная праца ішла сваім добра суладжаным, няспынным ходам. Дубоўка.